Расейскія войскі толькі за 2025 год выкарысталі супраць Украіны больш за 60 тысячаў кіраваных авіябомбаў, прыблізна 2 400 ракет розных тыпаў і больш за 100 000 бесьпілётнікаў.
Такія лічбы агучылі на плятформе United24, якую ў 2022 годзе ініцыяваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Паветраная трывога гучала ня менш за 19 033 разы. Кожны тыдзень над Украінай выяўлялі тысячы паветраных пагроз. Кожны дзень прыносіў новыя разбурэньні і ахвяры сярод мірнага насельніцтва. Пастаянныя атакі разбуралі цывільную і энэргетычную інфраструктуру, ператвараючы паўсядзённае жыцьцё ў барацьбу за выжываньне. Дапамажыце абараніць жыцьці ўкраінцаў», — адзначаецца ў паведамленьні ініцыятывы.
Згодна зь інфармацыяй ААН, 2025 год стаў адным з самых трагічных для народу Ўкраіны. Лік ахвяр сярод мірнага насельніцтва з студзеня да лістапада павялічыўся на 24 % у параўнаньні з 2024 годам.
Упраўленьне Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН пацьвердзіла, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіне загінулі сама меней 14 775 мірных жыхароў, у тым ліку 755 дзяцей. Яшчэ 39 322 чалавекі, у тым ліку 2 416 дзяцей атрымалі раненьні і траўмы. Але фактычныя лічбы значна вышэйшыя.
Паводле ААН, сёлета ў выніку абстрэлаў і баявых дзеяньняў больш за 340 школ атрымалі пашкоджаньні або цалкам зьнішчаныя (з пачатку ваеннага ўварваньня Расеі сыстэма адукацыі страціла 1611 устаноў).
Цягам году адбылося больш за 2 тысячы расейскіх атак на мэдычныя ўстановы. З пачатку поўнамаштабнай вайны пацьвердзілі пашкоджаньне або разбурэньне 2 419 аб’ектаў у складзе 794 устаноў сыстэмы аховы здароўя.