«Вясна»: З пачатку года пры садзейнічаньні ЗША вызвалена 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — 569

Прэсавая канфэрэнцыя вызваленых палітвязьняў 22 сьнежня. Ілюстрацыйнае фота

З пачатку 2025 года пры садзейнічаньні ЗША зь беларускіх месцаў несвабоды вызвалена 342 чалавекі, з ліпеня 2024-га — калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў выпускаць палітвязьняў групамі — «памілавана» 569 асуджаных. Пра гэта паведамляецца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна».

Адзначаецца, што 189 чалавек пасьля вызваленьня «прымусова вывезьлі з краіны, пазбавіўшы магчымасьці застацца дома і выбіраць уласную будучыню».

Такое «вызваленьне пад умовай выезду» праваабаронцы называюць «новым інструмэнтам палітычнага ціску — гэта супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам».

Сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі «застаецца стабільна крытычнай: людзі паміраюць у зьняволеньні, утрымліваюцца ў ізаляцыі без сувязі са сьветам і належнай мэдыцынскай дапамогі», падкрэсьлівае «Вясна».

На 23 сьнежня 2025 года ў месцах зьняволеньня ўтрымлівалася 1.135 палітвязьняў. Сярод іх 28 прадстаўнікоў мэдыя, тры праваабаронцы, 21 мэдык, 16 юрыстаў і адвакатаў.

Праваабаронцам вядома ня менш чым пра 164 палітвязьняў, якія «знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы», мінімум 56 з іх маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, сем — інваліднасьць, 26 — старэйшыя за 60 гадоў, 10 — з мэнтальнымі расстройствамі.

Сярод палітвязьняў 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах. Гэта адзінокія ці шматдзетныя бацькі, а таксама семʼі (мінімум 20), дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі, гаворыцца ў справаздачы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1135 палітвязьняў на канец году, 509 новых палітвязьняў за год — праваабарончы цэнтар «Вясна»

Усяго з 2020 года больш за 1.700 чалавек цалкам адбылі тэрміны і выйшлі з месцаў несвабоды, з іх мінімум 300 — у 2025 годзе.

Па дадзеных «Вясны», на 23 сьнежня за кратамі заставалася не менш за 20 замежных грамадзян.

У рэжыме «інкамунікада» (у поўнай інфармацыйнай ізаляцыі) утрымліваецца не менш за чатыры палітвязьні: Аляксандр Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Францкевіч.

У 2025 годзе за кратамі памерлі два палітвязьні — Валянцін Штэрмер і грамадзянін РФ Андрэй Паднябённы.

Пашпарты палітвязьням, якіх вызваляюць і высылаюць з краіны, не аддаюць сьвядома, прызнаўся Лукашэнка, адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў другой сэсіі VII Усебеларускага народнага сходу 18 сьнежня.

«Яны (асуджаныя па палітычных матывах„Позірк“) нам не патрэбныя. Калі гэта вашыя людзі, забірайце, калі ласка, вывозіце іх там, што хочаце, то і рабіце. Выехаў — гвалтам крычаць: а пашпартоў няма! Дык а што мы вам, пашпарты павінны выпісваць, сваім ворагам?» — сказаў Лукашэнка, які ў верасьні 2023 года сваім указам забараніў афармляць пашпарты ў беларускіх замежных прадстаўніцтвах.

  • Лукашэнка паведаміў, што ў вывезеных з краіны не будзе магчымасьці вярнуцца, каб яны не стваралі праблем, у тым ліку яму: «Сюды яны не трапяць, няхай там ваююць». «2020 года больш не будзе», — сказаў ён. Па словах прамоўцы, ён не прыняў прапанову амэрыканцаў даць магчымасьць памілаваным у рамках дамоўленасьцяў з Вашынгтонам застацца ў краіне.
  • Акрамя таго, Лукашэнка прыгразіў закрыць уезд тым, хто эміграваў, але пэрыядычна прыяжджае на радзіму: «Мы ўсякія перамяшчэньні гэтых людзей сюды забаронім, і зубы будуць лячыць там — нават пры абмежаванай заработнай плаце, пасудамыйкі там і г. д. Усё там. Пайшлі [у эміграцыю] — паспрабуйце. [па вяртаньні]. Скажуць „так“ — значыць, так, „не“ — значыць, не».