Прэзыдэнт Украіны Зяленскі расказаў пра 20 пунктаў мірнага пляну ЗША

Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на сустрэчы з журналістамі расказаў аб парамэтрах мірнага пляну, які абмяркоўваецца з ЗША і Расеяй.

Дакумэнт, апублікаваны ўкраінскімі выданьнямі, прадугледжвае спыненьне агню адразу пасьля падпісаньня пагадненьня і ахоплівае пытаньні бясьпекі, тэрыторый, эканомікі і гуманітарнай сфэры.

Плян уключае пацьвярджэньне сувэрэнітэту Ўкраіны і прадугледжвае пагадненьне аб ненападзе паміж Кіевам і Масквой са стварэньнем мэханізму маніторынгу на лініі судакрананьня.

Украіне прапануюцца гарантыі бясьпекі, у тым ліку ад ЗША, NATO і Эўропы па аналёгіі з пятым артыкулам Дамовы аб NATO і аднаўленьне санкцый супраць Расеі ў выпадку аднаўленьня канфлікту па расейскай ініцыятыве. Пры гэтым гарантыі губляюць сілу, калі канфлікт адновіць Украіна.

Колькасьць украінскай арміі ў мірны час прапануецца зафіксаваць на ўзроўні 800 тысяч чалавек, Украіна таксама павінна захаваць бязьядзерны статус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне падрыхтавалі два дакумэнты па бясьпецы Ўкраіны, на якіх павінна грунтавацца мірнае пагадненьне

Асобны блёк прысьвечаны абавязацельствам Расеі, уключаючы заканадаўчае замацаваньне палітыкі ненападзеньня на Эўропу і Ўкраіну, а таксама абавязацельства не перашкаджаць выкарыстаньню Дняпра і Чорнага мора для камэрцыйнай дзейнасьці. Кінбурнскую касу ў Мікалаеўскай вобласьці прапануецца дэмілітарызаваць.

Эканамічная частка пляна прадугледжвае ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ і кароткатэрміновы прывілеяваны доступ да эўрапейскага рынку, меры падтрымкі эканамічнага разьвіцьця, інвэстыцыйныя пагадненьні і стварэньне фондаў абнаўленьня з мэтай прыцягненьня да 800 млрд даляраў. Таксама прапануецца пагадненьне аб свабодным гандлі Ўкраіны з ЗША, пры гэтым Злучаныя Штаты дабіваюцца аналягічнага пагадненьня з Расеяй.

Пытаньне кантролю над Запароскай АЭС застаецца нявырашаным. Вашынгтон прапануе сумеснае кіраваньне станцыяй Украінай, Расеяй і ЗША, тады як Кіеў настойвае на сумесным упраўленьні без удзелу Расеі.

Не дасягнута згода і па тэрытарыяльным пытаньні. Украіна прапануе вывад расейскіх войскаў з Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Харкаўскай абласьцей, а ў Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцях — прызнаньне дэ-факта лініі судакрананьня на момант пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўропа абнародавала плян гарантыяў бясьпекі для Ўкраіны. Што ён прадугледжвае

Расея патрабуе вываду ўкраінскіх войскаў з Данбаса, ЗША прапануюць кампраміс у выглядзе свабоднай эканамічнай зоны, з чым Украіна згодна толькі праз рэфэрэндум, калі ня будзе прыняты варыянт «стаім, дзе стаім». Пасьля ўрэгуляваньня тэрытарыяльных пытаньняў бакі абавязваюцца не мяняць дамоўленасьці сілай.

Плян таксама прадугледжвае стварэньне гуманітарнага камітэта, абмен ваеннапалонных «усіх на ўсіх», вяртаньне грамадзянскіх, у тым ліку дзяцей і палітзьняволеных, а таксама вырашэньне праблем ахвяр канфлікту.

Украіна абавязуецца правесьці выбары як мага хутчэй пасьля заключэньня пагадненьня. Кантроль за выкананьнем юрыдычна абавязковай дамовы прапануецца ўскласьці на «Раду міру» пад старшынствам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сацыялягічнае апытаньне ва Ўкраіне: 72% украінцаў гатовыя пагадзіцца на мірны плян, але на пэўных умовах