Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі (КМІС) з 26 да 13 сьнежня правёў усеўкраінскае апытаньне грамадзкай думкі, у тым ліку ў пытаньнях вайны і міру.
Згодна з вынікамі дасьледаваньня, 72% рэспандэнтаў заявілі, што гатовыя падтрымаць мірны плян, які, сярод іншага, будзе прадугледжваць замарожваньне сытуацыі на цяперашняй лініі фронту разам з гарантыямі бясьпекі Ўкраіне і без афіцыйнага прызнаньня акупаваных тэрыторыяў часткай Расеі.
У той жа час 7% апытаных адхіляюць плян, які б уключаў адвод войскаў з Данбасу і абмежаваньне ўкраінскай арміі, а таксама не прадугледжваў бы гарантыяў бясьпекі.
Толькі 9% рэспандэнтаў разьлічваюць на завяршэньне вайны да пачатку 2026 году і яшчэ 14% спадзяюцца на мір хаця б у першай палове наступнага году.
Яшчэ 63% апытаных адзначылі, што гатовыя трываць вайну столькі, колькі будзе трэба (сёлета ў верасьні было 62%).
Сацыёлягі таксама спыталі аб даверы прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму. Згодна з вынікамі апытаньня, 61% рэспандэнтаў заявілі, што яму давяраюць, а 32% — што не давяраюць. Усяго 9% апытаных хочуць выбараў як мага хутчэй, нават да завяршэньня баявых дзеяньняў.
«У пытаньнях вайны і міру мы бачым даволі стабільную сытуацыю з гледзішча грамадзкай думкі — большасьць украінцаў адкрытыя да перамоваў і дыпляматычнага завяршэньня вайны і нават гатовыя да цяжкіх кампрамісаў», — пракамэнтаваў вынікі апытаньня выканаўчы дырэктар КМІС Антон Грушэцкі.
Форум