Сілы Ўкраіны атакавалі нафтавую плятформу Расеі ў Касьпійскім моры і, падобна, два хімічныя заводы

Плятформа ў Касьпійскім моры, якая стала цэльлю для ўкраінскіх вайскоўцаў. Архіўнае фота

Вайскоўцы Цэнтру спэцыяльных апэрацыяў «Альфа» Службы бясьпекі Ўкраіны нанесьлі ўдар дронамі па нафтаздабыўной плятформе, якая належыць расейскай кампаніі «Лукойл».

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода з спасылкай на свае крыніцы ў спэцслужбе, гэта першы выпадак пацэльваньня ў расейскую інфраструктуру здабычы нафты ў Касьпійскім моры.

Украінскія вайскоўцы зафіксавалі сама меней чатыры пацэльваньні ў плятформу, у выніку чаго спынена здабыча нафты і газу з больш як 20 сьвідравін, якія яна абслугоўвае.

Радовішча — адно з найбольшых у расейскім сэктары Касьпію. Ягоныя запасы складаюць 129 мільёнаў тонаў нафты і 30 мільярдаў кубамэтраў газу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі спыніў дзейнасьць адзін з НПЗ, які некалькі разоў атакавалі ўкраінскія войскі

Ад украінскіх удараў пацярпелі заводы ў Смаленскай вобласьці і Вялікім Ноўгарадзе

У ноч на 11 сьнежня ад украінскіх удараў пацярпелі хімічныя заводы ў Вялікім Ноўгарадзе і ў Дарагабужы Смаленскай вобласьці.

Як паведамілі шэраг Telegram-каналаў, гэта заводы, што ўваходзяць у групу «Акрон» і вырабляюць аміячную салетру, якая мае вайсковае значэньне.

Жыхары Вялікага Ноўгараду паведамлялі пра выбухі і пажар на заводзе. Astra прааналізавала фота і відэа сьведкаў і прыйшла да высновы, што зона, дзе адбыўся выбух, перасякаецца з «Акронам», але пажар на заводзе гэтымі кадрамі пацьвердзіць немагчыма.

У Дарагабускім раёне Смаленскай вобласьці, дзе, як сьцьвярджаюць чытачы Astra і ўкраінскі Telegram-канал Supernova+, дроны атакавалі хімзавод, тамсама месьціцца і ЦЭЦ. Яна, як паведамляюць, таксама пацярпела ў выніку атакі.

Улады Расеі не паведамлялі аб украінскіх ударах па гэтых аб’ектах. Радыё Свабода ня можа незалежна праверыць зьвесткі аб пацэльваньнях.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне заявілі пра тры маштабныя апэрацыі супраць расейскіх прадпрыемстваў, якія працуюць на вайну