На 80-м годзе жыцьця памёр беларускі палітык і грамадзкі дзеяч Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч на перадвыбарчым мітынгу ў Менску. 3 сакавіка 2006 году

Летась у лістападзе Аляксандар Мілінкевіч перанёс складаную апэрацыю на соннай артэрыі, якая была на 80% закрытая тромбам.

Аб сьмерці палітыка паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook пацьвердзіў журналіст Ігар Кулей, сын жонкі Аляксандра Мілінкевіча Іны Кулей.

Аляксандар Мілінкевіч працяглы час пасьля апэрацыі знаходзіўся ў цяжкім стане і праходзіў рэабілітацыю.

25 ліпеня Аляксандру Мілінкевічу споўнілася 79 гадоў.

Аляксандар Мілінкевіч (1947-2026). Жыцьцё ў фота

Асноўныя факты пра Аляксандра Мілінкевіча

  • Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 году ў Горадні
  • Скончыў фізыка-матэматычны факультэт Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту, асьпірантуру пры Інстытуце фізыкі АН БССР. Быў дацэнтам Горадзенскага ўнівэрсытэту (1978–1980, 1984–2000). У 1980–1984 гадах загадваў катэдрай Сэтыфскага ўнівэрсытэту ў Альжыры.
  • Стажыраваўся ва ўнівэрсытэце Манпэлье (Францыя, 1980) і Каліфарнійскім унівэрсытэце (ЗША, 1998), прайшоў курс навучаньня ў Эўрапейскім цэнтры дасьледаваньня праблемаў бясьпекі ў Гарміш-Партэнкірхэне (Нямеччына, 2000).
  • У 1996–2003 гадах — старшыня горадзенскага абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Ратуша».
  • У 1999–2005 гадах — старшыня Беларускай асацыяцыі рэсурсавых цэнтраў.
  • Намесьнік старшыні Горадзенскага гарвыканкаму (1990–1996) ў пытаньнях адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны.
  • Падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2001 годзе быў кіраўніком прадвыбарчага штабу Сямёна Домаша.
  • У кастрычніку 2005 году на Кангрэсе Дэмакратычных Сілаў абраны «адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл». Удзельнічаў у выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2006 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адзін з самых яскравых і годных палітыкаў Беларусі. Вядомыя людзі згадваюць пра Аляксандра Мілінкевіча

Аляксандар Мілінкевіч быў неаднаразова ўшанаваны прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі.

  • 1989 — Ордэн «За заслугі перад польскай культурай», якім была адзначана ягоная роля ў адкрыцьці месца пахаваньня Станіслава Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай.
  • 1997 — Прэмія Незалежнага фонду PolCul за ўнёсак у разьвіцьцё польска-беларускіх культурных сувязяў.
  • 2006 — Прэмія імя Сахарава за «Свабоду думкі» Эўрапейскага парлямэнту.
  • 2007 — Прэмія Свабоды — за выбітны ўнёсак у справу абароны правоў чалавека й палітычных свабодаў. Уручаецца штогод Лібэральным Інтэрнацыяналам — міжнароднай фэдэрацыяй лібэральных партыяў.
  • 2018 — мэдаль Рады БНР.

Удзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году прынёс Мілінкевічу агульнанацыянальную і міжнародную вядомасьць. Але найбольш значны ўклад у гісторыю Беларусі Мілінкевіч зрабіў па-за палітыкай.

Мілінкевіч паходзіць з горадзенскай настаўніцкай сям’і. Яго бацькі да ІІ сусьветнай вайны жылі ў Варшаве, працавалі ў дзіцячым доме пад кіраўніцтва вядомага польскага пэдагога Януша Корчака (ён добраахвотна пайшоў у газавую камэру разам са сваімі выхаванцамі, габрэйскімі сіротамі, і загінуў разам зь імі. — РС). Пасьля вайны бацькі Мілінкевіча сталі жыць у роднай Горадні, дзе ў іх і нарадзіўся сын.

Там жа Мілінкевіч скончыў фізыка-матэматычны факультэт Горадзенскага пэдагагічнага інстытуту. Працаваў настаўнікам у школе, выкладаў у інстытуце.

У 1990 годзе заняў пасаду намесьніка старшыні Горадзенскага гарвыканкаму. Шэсьць гадоў ён займаўся пытаньнямі адукацыі, культуры, аховы здароўя, моладзі, спорту, СМІ, рэлігіі, міжнародных зносін і аховы гістарычнай спадчыны. Пры ім Горадня найхутчэй сярод іншых гарадоў Беларусі вярнула вернікам сьвятыні: праваслаўныя цэрквы, каталіцкія касьцёлы, Вялікую сынагогу і лютэранскую кірху.

Менавіта пры Мілінкевічу ў Горадні адкрылі першую ў Беларусі каталіцкую сэмінарыю, і ён актыўна займаўся гэтым пытаньнем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«На карысьць дзяржавы». Прадзеда выселілі, дзеда пасадзілі, бацьку ледзь не расстралялі. Гісторыя рэпрэсій сям’і палітыка Мілінкевіча

Спрыяў дзеячам культуры і шматкультурнасьці Горадні

Пры ўдзеле Мілінкевіча ўлады гораду прынялі рашэньне, што ўсе памяшканьні ў цэнтры Горадні, якія вызваляюцца, перадаюцца не пад камэрцыйныя мэты, а (па сымбалічных цэнах) дзеячам культуры, мастакам.

У 90-я група грамадзкіх арганізацый Горадні хацела зладзіць фэст, які б падкрэсьліваў культурніцкую разнастайнасьць гораду. Мілінкевіч іх падтрымаў. Так запачаткавалася імпрэза, якая пазьней стала Фэстывалем нацыянальных культур, што праводзіцца цяпер штогод. Таксама пры актыўным удзеле Мілінкевіча ў другой палове 90-х у Горадні запачаткавалі музычны фэст «Рок-губэрталіі».

Як успамінаў колішні старшыня Саюзу палякаў Беларусі Тадэвуш Гавін, без дапамогі Мілінкевіча не ўдалося б адкрыць польскую школу ў Горадні.

Да заслуг Мілінкевіча ў тыя гады можна дадаць пошук гарадоў-пабрацімаў. Дзякуючы яго актыўнай працы пабрацімамі Горадні сталі францускі Лімож, нямецкі Міндэн і польскі Беласток.

Вяртаў спрадвечныя назвы гарадзкім вуліцам і займаўся аднаўленьнем Каложы

У працэсе вяртаньня горадзенскім вуліцам гістарычных назваў Мілінкевіч адыграў ключавую ролю. Менавіта ён узначальваў тапанімічную камісію Горадні. Напрыклад, пры ягоным удзеле вярнулі свае справедчныя назвы плошча Тызэнгаўза, вуліцы Стэфана Баторыя, Давыда Гарадзенскага і іншыя. Згаданая камісія прыняла нават рашэньне аб немэтазгоднасьці знаходжаньня на цэнтральнай плошчы горада помніка Леніну. Але ўжо сам гарвыканкам пабаяўся зьнесьці помнік бальшавіцкаму правадыру.

Пры лабіяваньні Мілінкевіча, мэрыі Ліможа, некалькіх уплывовых францускіх рэстаўратараў і рэстаўрацыйных фірмаў, UNESCO выдаткавала сродкі на аднаўленьне Калоскай царквы. Ужо быў створаны і праект рэстаўрацыі. Але рэалізацыі гэтага праекту перашкодзіў прыход да ўлады Лукашэнкі.

Беларусізацыя адукацыі

Аляксандар Мілінкевіч асабіста хадзіў па школах і садках, каб пераконваць бацькоў пераводзіць дзяцей на беларускую мову навучаньня. Але Мілінкевіч заўсёды падкрэсьліваў, што ўсе ягоныя дасягненьні на пасадзе мэра ня мелі б шанцу рэалізавацца без падтрымкі мэра Сямёна Домаша.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Мілінкевіч пра сьмерць Макея і тое, як вызвалялі палітвязьняў у 2008 годзе

Знайшоў пахаваньне апошняга караля Рэчы Паспалітай

У 1987 годзе Мілінкевіч правёў раскопкі каралеўскай капліцы ў воўчынскім касьцёле і выявіў парэшткі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Для палякаў ён апошні кароль, для беларусаў — апошні вялікі князь старажытнай беларуска-літоўскай дзяржавы. У раскопках бралі ўдзел археоляг Міхась Ткачоў, мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы і старэйшы сын Мілінкевіча Аляксандар. Удалося знайсьці дэталі дубовых трунаў, фрагмэнты вопраткі, абутку, каранацыйнай мантыі з каралеўскімі гербамі: шыты срэбрам і золатам арол са знакам цяльца ў цэнтры. Але не ўдалося знайсьці касьцей нябожчыка. Знаходкі перадалі ў Польшчу. У 1995 годзе рэшткі каралеўскага пахаваньня былі ўрачыста, з удзелам прэзыдэнта Леха Валенсы і арцыбіскупа Юзафа Глемпа, перанесены ў склеп катэдральнага сабора Яна Хрысьціцеля ў Варшаве.

Рэстаўраваў адзін з найстаражытнейшых у Эўропе аўтэнтычных ратушных гадзіньнікаў

Гадзіньнік, які мог быць выраблены яшчэ ў канцы XV стагодзьдзя, спыніў працу ў 1950-я. Савецкія ўлады сьцьвярджалі, што бой гадзіньніка перашкаджае грамадзкаму транспарту. У 1987 годзе даглядчыца фарнага касьцёла Марыя Гратулевіч прапанавала Мілінкевічу як фізыку аднавіць гадзіньнік. Мілінкевіч каардынаваў усе работы, запрасіў кансультантаў-гісторыкаў і майстроў. Толькі чыстка старажытных колаў і валоў заняла каля тыдня. А праз тры месяцы аўтэнтычны гадзіньнік ізноў запрацаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мілінкевіч распавёў дэталі раскопак крыпты апошняга манарха Беларусі

Заснаваў горадзенскую арганізацыю «Ратуша»

На пачатку 1996 году Аляксандар Мілінкевіч звольніўся з вэртыкалі ў знак пратэсту супраць антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму Лукашэнкі. Былы чыноўнік заснаваў грамадзкую арганізацыю «Ратуша», якая стала рэсурсным цэнтрам для трэцяга сэктару. Гэта быў адзін зь вядучых цэнтраў разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці па ўсёй краіне. Адметна тое, што яго арганізацыю актыўна падтрымлівалі і мясцовыя бізнэсоўцы. У 2003 годзе ўлады спынілі існаваньне арганізацыі.

Узначальваў баскетбольны клюб «Гродна-93»

Баскетболам Мілінкевіч цікавіўся яшчэ зь юнацтва. А ў 1996–1997 гадах стаў прэзыдэнтам клюбу «Гродна-93».

У 1993 годзе клюб перайшоў на прафэсійную аснову. У сэзоне 1994/1995 гарадзенцы ўпершыню ўзьняліся на п’едэстал чэмпіянату Беларусі, заняўшы другое месца. У наступным сэзоне 1995/1996 баскетбалісты з Горадні сталі чэмпіёнамі Беларусі. 6 верасьня 1995 году клюб дэбютаваў у Кубку Карача, адным з трох найпрэстыжнейшых клюбных турніраў у эўрапейскім баскетболе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мілінкевіч на Свабодзе пра свой удзел у прэзыдэнцкіх выбарах, урокі 2020 году і адпачынак у Беларусі

Заснаваў Прэмію Васіля Быкава

У 2006 годзе Мілінкевіч стаў ляўрэатам прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі», якую ўручае Эўрапейскі парлямэнт. На яе ўзор Мілінкевіч заснаваў падобную ўзнагароду ў Беларусі — прэмію імя Васіля Быкава. На яе ён прызначыў і грашовую прэмію ад Эўрапарлямэнту.

Аляксандар Мілінкевіч на цырымоніі ўручэньне прэміі Быкава, 2018 год

Прэміяй Быкава ўганароўваюцца тыя, хто ўнёс асаблівы ўклад у разьвіцьцё беларускай культуры, захаваньне нацыянальнай гісторыі. Пры выбары ляўрэата ацэньваецца ягоная актыўная жыцьцёвая пазыцыя і канкрэтныя вынікі дзейнасьці на ніве адраджэньня Беларусі і дэмакратыі ў краіне. У розныя гады прэмія імя Васіля Быкава была ўручана народным паэтам Беларусі Рыгору Барадуліну і Нілу Гілевічу, пісьменьніку Ўладзіміру Арлову, музыку Лявону Вольскаму, мастакам Алесю Пушкіну і Аляксею Марачкіну, палітыку Ўладзіміру Някляеву і іншым грамадзкім дзеячам. Яе ўручаюць на радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі на Вушаччыне.

Ствараў Вольны беларускі ўнівэрсытэт

Аляксандар Мілінкевіч — адзін з стваральнікаў Вольнага беларускага ўнівэрсытэту. Гэта праект сучаснага ўнівэрсытэту дыстанцыйнага навучаньня, зарэгістраваны ў Польшчы. Мілінкевіч — канцлер гэтага ўнівэрсытэту.

ВБУ прапануе онлайн-праграмы пасьлядыплёмнай адукацыі па спэцыяльнасьцях, неабходных для эканамічнай, сацыяльнай і грамадзкай трансфармацыі Беларусі. Дыплёмы выдаюць польскія ўнівэрсытэты-парнтнэры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Надзвычай моцны духам чалавек». Аляксандар Мілінкевіч адзначае 79-ы дзень народзінаў