Ва Ўкраіне пашкоджаныя падстанцыі на дзьвюх АЭС і чыгунка, ёсьць ахвяры. Вынікі новых расейскіх абстрэлаў

Хмяльніцкая АЭС пацярпела ў выніку расейскіх абстрэлаў 30 кастрычніка 2025 году. Архіўнае фота

Расея працягвае абстрэлы Ўкраіны, найперш інфраструктурных аб’ектаў. Кожны дзень ва Ўкраіне гінуць і атрымліваюць раненьні мірныя жыхары.

У МАГАТЭ занепакоеныя ядзернай бясьпекай на дзьвюх АЭС, але Расею ня згадваюць

У Міжнародным агенцтве атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA) паведамілі аб пашкоджаньні ў выніку абстрэлаў падстанцыяў дзьвюх украінскіх АЭС, якія маюць вырашальнае значэньне для ядзернай бясьпекі.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні арганізацыі, «ад ваеннай дзейнасьці» пацярпелі падстанцыі Паўдзённаўкраінскай і Хмяльніцкай АЭС. Ровенская АЭС вымушана была зьмяншаць магутнасьць выпрацаваньня электраэнэргіі, каб можна было збалянсаваць энэргетычную сыстэму Ўкраіны.

«Пагрозы для ядзернай бясьпекі працягваюць заставацца вельмі рэальнымі і пастаянна прысутнічаюць. Я зноў заклікаю да максымальнай ваеннай стрыманасьці ў ваколіцах ядзерных аб’ектаў і поўнага выкананьня сямі неад’емных прынцыпаў ядзернай бясьпекі», — заявіў генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Энэргетыкі Ўкраіны аднавілі энэргазабесьпячэньне захопленай Расеяй Запароскай АЭС пасьля месяцу яе блэкаўту

Дзясяткі параненых у Сумах і Запарожжы

У выніку расейскіх удараў па Сумскай вобласьці пацярпелі 15 чалавек, найбольш у Сумскім і Шосткінскім раёнах. За апошнія 24 гадзіны пад абстрэламі былі 43 паселішчы вобласьці. Пашкоджаныя аб’екты цывільнай інфраструктуры, шматкватэрныя дамы, легкавыя аўтамабілі.

У Запароскай вобласьці, паводле ўладаў, тры чалавекі загінулі і 29 атрымалі раненьні. За апошні час расейцы нанесьлі 9 ракетных удараў па абласным цэнтры. Для абстрэлаў расейскія войскі штодзень выкарыстоўваюць баявую авіяцыю. У поясе надзвычайнай небясьпекі 19 населеных пунктаў вобласьці.

У Херсонскай вобласьці праз расейскую агрэсію загінуў адзін чалавек і 7 параненыя, у тым ліку адно дзіця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне праз абстрэлы абмежавалі спажываньне электраэнэргіі. Расейскія ракеты ляцелі празь Беларусь

Пад прыцэлам усё часьцей чыгунка

У кампаніі «Укрзалізниця» паведамілі аб моцным расейскім удары па чыгуначнай інфраструктуры ў Сумскай і Харкаўскай вобласьцях.

У Сумах расейскія войскі пацэлілі ў пасажырскае дэпо — пашкоджаныя і зьнішчаныя гаспадарчыя памяшканьні кампаніі, а таксама цягнікі. Каб перавезьці пасажыраў, чыгуначнікі мусілі апэратыўна падаваць іншыя вагоны.

У Лазавой на Харкаўшчыне вымушана зьмянілі маршрут аднаго пасажырскага цягніка. Паводле Ўкраінскай чыгункі, у выніку абстрэлу параненых і загінулых няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля расейскага начнога ўдару Чарнігаў застаўся без вады і электраэнэргіі, у іншых вобласьцях ёсьць параненыя

У Расеі зноў уводзілі абмежаваньні ў аэрапортах

Паводле Міністэрства абароны Расеі, у ноч на 31 кастрычніка сродкі супрацьпаветранай абароны «перахапілі і зьнішчылі» 130 украінскіх бесьпілётнікаў. Найбольш — 31 — над Курскай вобласьцю і 21 над Варонескай вобласьцю.

Расейскія СМІ паведамілі, што ў часе дронавай атакі ўводзілі абмежаваньні ў некалькіх аэрапортах — у Валгаградзе, Тамбове, Калузе і Яраслаўлі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія вайскоўцы ўдарылі па дамбе ў Белгарадзкай вобласьці, пачаліся падтапленьні. Дроны атакавалі Маскву