The Telegraph: Трамп хоча стварыць «фонд перамогі Ўкраіны», заўтра чакаюцца яго перамовы зь Зяленскім

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп даручыў міністру фінансаў Скоту Бэсэнту падрыхтаваць плян стварэньня спэцыяльнага фонду падтрымкі Ўкраіны, які будзе фінансавацца за кошт даходаў ад мытаў у дачыненьні да Кітая.

Пра гэта гаворыцца ў публікацыі брытанскай газэты The Telegraph у чацьвер 16 кастрычніка, напярэдадні візыту прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Вашынгтон.

Афіцыйна ў Белым доме пакуль не пацьвярджалі працу над стварэньнем фонду, які ў публікацыі названы «фондам перамогі Ўкраіны».

Газэта са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што Бэсэнт павінен прадставіць эўрапейскім калегам плян яшчэ да сустрэчы Зяленскага з Трампам, заплянаванай на пятніцу 17 кастрычніка.

Трамп раней неаднаразова падкрэсьліваў, што ЗША імкнуцца да больш хуткага завяршэньня вайны ва Ўкраіне, і што Злучаныя Штаты наўпрост не будуць фінансаваць Украіну.

У апошні час рыторыка адміністрацыі ЗША ў дачыненьні да канфлікту мяняецца — Трамп абвінавачвае Расею ў нежаданьні міру, піша Расейская служба Радыё Свабода. Міністар абароны ЗША Піт Гэґсэт напярэдадні заклікаў саюзьнікаў больш актыўна закупляць узбраеньне ў ЗША для Ўкраіны, а таксама сказаў, што Злучаныя Штаты могуць падтрымаць Кіеў «спосабамі, якія даступныя толькі Злучаным Штатам», калі Расея працягне ігнараваць мірныя ініцыятывы. Сам Трамп ня выключыў паставак Украіне крылатых ракет «Тамагаўк».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што пашле Ўкраіне ракеты Tomahawk, калі Пуцін ня пойдзе на мірнае ўрэгуляваньне

Як піша The Telegraph, плян прадугледжвае ўвядзеньне 500-працэнтных мытаў на імпарт з Кітая, калі ён не перастане імпартаваць расейскую нафту. Даходы ад гэтых пошлін павінны пайсьці ў «фонд перамогі Ўкраіны» на закупку зброі для Кіева.

Тэхнічныя дэталі гэтага пляна пакуль не вядомыя. На гэты момант Трамп аб’явіў аб увядзеньні з 1 лістапада 100-працэнтных пошлін адносна Кітая, зьвязаўшы іх не з закупкамі расейскай нафты, а з уведзенымі ўладамі КНР захадамі ў сфэры гандлю.

Напярэдадні Трамп, размаўляючы з журналістамі ў Вашынгтоне, заявіў, што Індыя ў найбліжэйшай будучыні адмовіцца ад закупак расейскай нафты (у Дэлі гэта пакуль не пацьвярджалі). Ён таксама заявіў, што адзінае, што трэба ад прэзыдэнта Расіі Ўладзіміра Пуціна — гэта спыненьне забойстваў украінцаў і расіян (як адзначыў прэзыдэнт ЗША, на вайне гіне і мноства грамадзян Расеі). Трамп таксама згадаў аб сваёй маючай адбыцца сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім і сказаў, што, паводле яго інфармацыі, Украіна мае намер «пайсьці ў наступ». Раней прэзыдэнт ЗША ня выключыў, што Ўкраіне атрымаецца адваяваць захопленыя Расеяй тэрыторыі.

Зяленскі, як чакаецца, прыбудзе ў Злучаныя Штаты ў чацьвер. Магчымыя пастаўкі «Тамагаўкаў», занепакоенасьць у сувязі з якімі выказвае Масква, стануць адной з галоўных тэм перамоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што Індыя паабяцала не купляць расейскую нафту