Пад ударам апынуліся Чаркаская вобласьць, Кіеў і Сумшчына.
Пры атацы на Кіеў параненыя 9 чалавек, 5 зь іх шпіталізаваныя, паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Гэта вынік удару па шматпавярховіку ў Пячэрскім раёне — ён загарэўся на некалькіх паверхах. Пазьней пацярпелых пабольшала да 12 чалавек, зь іх восем у лякарнях.
Левы бераг Дняпра застаўся безь сьвятла і часткова без вады. Агулам жа на Кіеўшчыне ў выніку атакі без электрычнасьці засталіся 28 000 сем’яў.
Пры ўдары па Браварах пад Кіевам пашкоджаньні атрымалі тры шматпавярховікі. Ёсьць пашкоджаныя шапікі і аўтамабілі.
Расейскія напады на энэргетычныя аб’екты прымусілі кіраўніцтва Сумскай вобласьці ўвесьці графікі аварыйных адключэньняў энэргіі. Пра гэта паінфармавалі самі энэргетыкі з арганізацыі «Сумиобленерго».
Кіраўнік Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі Іван Фёдараў заявіў, што расейскія войскі пашкодзілі аб’екты газавай інфраструктуры. Адмыслоўцы ўжо працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Прадпрыемства «Запоріжгаз» заклікала спажыўцоў часова абмежаваць спажываньне газу. Гэта патрэбна, каб унікнуць адключэньняў і стабілізаваць ціск у сетцы.
У Запарожжы ў выніку ўдару па аднапавярховым жылым доме загінуў 7-гадовы хлопчык.
У Чаркаскай вобласьці расейскія войскі атакавалі крытычную інфраструктуру, перакрыты рух па грэблі ГЭС. У горадзе Каневе паранены чалавек.
У выніку ўдару па Крамянчуцкім раёне Палтаўшчыне безь сьвятла засталіся звыш 17 000 чалавек.
Пасьля пачатку ацяпляльнага сэзону Расея пачала штодня абстрэльваць энэргетычныя прадпрыемствы Ўкраіны. Пры абстрэлах гінуць і атрымліваюць раненьні людзі, цэлыя рэгіёны часова застаюцца безь сьвятла і вады.