Цяпер Літва забясьпечыць ахову Ціханоўскай як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.
Літоўскі ўрад зьменшыў узровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай,паведаміў Lrt.lt міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс.
Рашэньне пачалі рэалізоўваць з 1 кастрычніка, пераходны пэрыяд мае закончыцца да лістапада.
У офісе Сьвятланы Ціханоўскай Свабодзе паведамілі, што камэнтар да інфармацыі аб зьмене парадку аховы беларускай лідэркі яшчэ рыхтуецца.
Лідэрка беларускай апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская жыве ў Вільні ад жніўня 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, якія большасьць заходніх краін лічаць сфальсыфікаванымі. Тады ўрад Літвы надаў прадстаўніцтву беларускай дэмакратыі афіцыйны статус, а самой апазыцыянэрцы забясьпечылі пастаянную фізычную ахову як у Літве, так і за яе межамі.
Ціханоўскай надалі статус афіцыйнага госьця катэгорыі C. Такі статус звычайна даецца паслам замежных дзяржаваў, кіраўнікам прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, акрэдытаваных у Літве, чальцам замежных урадаў і Эўрапейскай камісіі, іншым асобам аналягічнага ўзроўню. Аднак дыпляматычнага статусу і, адпаведна, імунітэту ў яе няма, тлумачыць Lrt.lt.
Цяпер, паводле інфармацыі парталу Lrt.lt, запэўненьне бясьпекі Сьвятланы Ціханоўскай перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва дзяржавы (VAD) ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэтая ўстанова забясьпечыць ахову палітыка не на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, а як асобы, якой можа пагражаць рэальная небясьпека.
Паводле крыніц Lrt.lt, ахова Ціханоўскай і спадарожныя выдаткі абыходзіліся Літве прыкладна ў 1 млн эўра ў год. У гэтую суму ўваходзіла цэладзённая фізычная ахова ў Літве і за мяжой, выдаткі на абслугоўваньне аўтамабіляў суправаджэньня, утрыманьне месца жыхарства, а таксама карыстаньне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах.