Празь Беларусь ва Ўкраіну зноў ляцелі расейскія дроны. У Дніпры і Харкаве дзясяткі параненых

Наступствы расейскага ўдару па Дніпры 30 верасьня 2025 году

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны расейскія войскі атакавалі ўкраінскія гарады 49 ударнымі дронамі, а таксама ракетамі: супрацькарабельнай «Онікс» з акупаванага Расеяй Крыму і чатырма балістычнымі «Іскандэр-М/KN-23У» з Арлоўскай вобласьці.

Украінская супрацьпаветраная абарона зьняшкодзіла 44 дроны. Пяць ракет і адзін бесьпілётнік пацэлілі ў 6 лякацыяў.

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ўдзень 30 верасьня прынамсі тры расейскія дроны ляцелі зь Беларусі курсам на Прыпяць Кіеўскай вобласьці.

Згодна з інфармацыяй яшчэ аднаго каналу, а 22:15 30 верасьня ў Беларусі ў паветра падымалі Су-30, які лятаў на адлегласьці 50 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.


У Дніпры больш за 30 параненых

Паводле інфармацыі ўладаў Днепрапятроўскай вобласьці, ад расейскага ўдару дронамі па цэнтры Дніпра ўдзень 30 верасьня параненых ужо 31 чалавек.

У выніку абстрэлу пацярпела выдавецтва «Смакі» — частка кніг згарэла, і мастацкі музэй: пашкоджаны фасад, унутраныя памяшканьні, вокны.

Мастацкі музэй у Дніпры — адна з найстарэйшых культурных установаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Сумскай вобласьці, дзе трывога была цягам 17 гадзін, расейцы забілі цэлую сям’ю. Пад Данецкам наступаюць украінцы

На Харкаўшчыне адзін чалавек загінуў, шэсьць параненыя

Пад расейскімі абстрэламі застаецца Харкаў і Харкаўская вобласьць. Паводле мясцовых уладаў, за апошнія 23 гадзіны пацярпелі 7 паселішчаў уключна з абласным цэнтрам.

У Харкаве пяць чалавек атрымалі раненьні, у вёсцы Вялікая Шапкаўка загінуў 64-гадовы мужчына, у вёсцы Пяшчанка адзін паранены.

Харкаўшчыну расейцы абстрэльваюць з баявой авіяцыі, артылерыі і пры дапамозе дронаў. Шмат пашкоджаных шматпавярховых і прыватных дамоў, навучальныя ўстановы, гандлёвыя павільёны, гаражы і аўтамабілі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Белгарад — без электрычнасьці пасьля ўкраінскага ўдару па ЦЭЦ. На поўдні і ўсходзе Ўкраіны ахвяры расейскіх атак