У Сілах спэцыяльных апэрацыяў Украіны паведамілі аб чарговым пападаньні ў ноч на 18 верасьня ў Валгаградзкі нафтаперапрацоўчы завод, гэта найбольшы вытворца нафтапрадуктаў у Паўднёвай фэдэральнай акрузе Расеі.
«Паводле папярэдняй інфармацыі, спынілі работу НПЗ», — адзначаецца ў паведамленьні Сілаў спэцыяльных апэрацый Украіны.
Валгаградзкі НПЗ забясьпечвае палівам расейскія войскі, якія ваююць на ўкраінскай тэрыторыі. Штогод прадпрыемства перапрацоўвае амаль 16 мільёнаў тон нафты, што складае 5,6% ад усёй перапрацоўкі ў Расеі.
У адміністрацыі Валгаградзкай вобласьці пацьвердзілі «масаваную атаку» бесьпілётнікаў на рэгіён, аднак аб пашкоджаньні НПЗ не паведамілі.
Паводле ўладаў Башкартастану, два бесьпілётнікі пацэлілі ў прадпрыемства «Газпром нефтехим Салават», якое займаецца поўнай перапрацоўкай нафтапрадуктаў. У яго склад уваходзяць нафтаперапрацоўчы і газахімічны заводы, а таксама завод «Мономер».
«Загінулых і пацярпелых няма. Спрацавала пасіўная і актыўная абарона, ахова прадпрыемства адкрывала агонь на паражэньне. Ступень пашкоджаньня высьвятляем. Цяпер ліквідуем пажар, усе службы на месцы», — паведаміў кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў.
У канцы жніўня агенцтва Reuters паведамляла, што Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьцяў нафтаперапрацоўкі праз напады ўкраінскіх дронаў. Шэраг буйных заводаў цалкам спыніў вытворчасьць, а напады адбываюцца ў час сэзоннага піку попыту.
Пасьля ўкраінскіх атак цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышаўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Пацярпелі таксама Афіпскі, Славянскі і Навашахцінскі НПЗ.
У Запароскай вобласьці загінулі 18 афіцэраў штабу расейскіх войскаў
Ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць» абнародавалі прозьвішчы 18 афіцэраў штабу 35-й агульнавайсковай арміі Расеі, якія загінулі ў Запароскай вобласьці.
«30 жніўня 2025 году ў раёне населенага пункту Васкрасенка адбылася дывэрсія: невядомыя добразычліўцы падпалілі сухую траву каля каманднага пункту 35-й арміі. Агонь хутка распаўсюдзіўся на памяшканьні і бліндажы каманднага пункту. Праз дым і чадны газ апэратыўны склад штабу ня змог выратавацца», — адзначаецца ў паведамленьні.
Паводле зьвестак праекту, загінулі намесьнік начальніка штабу аддзелу ракетных войскаў і артылерыі палкоўнік Ільля Махоцін, намесьнік начальніка аддзелу, начальнік аддзяленьня агульнага апэратыўнага плянаваньня 35-й арміі падпалкоўнік Руслан Шыгабутдзінаў, начальнік аддзяленьня плянаваньня агнявога і ядзернага паражэньня апэратыўнага аддзелу штабу падпалкоўнік Дзьмітрый Пашабекаў.
Сярод загінулых вайскоўцы ў званьнях маёраў, капітанаў і лейтэнантаў. Паведамілі, што целы пяці вайскоўцаў расейцы не змаглі эвакуаваць зь месца гібелі.