Журналісты ўстанавілі імёны амаль 123 тысяч загінулых ва Ўкраіне расейскіх вайскоўцаў

Могілкі расейскіх вайскоўцаў у Крыме, ілюстрацыйнае фота.
Могілкі расейскіх вайскоўцаў у Крыме, ілюстрацыйнае фота.

З пачатку вайны Расеі супраць Украіны загінулі як мінімум 122 883 расейскіх вайскоўцаў. Па дадзеных, сабраных з адкрытых крыніц, 53% зь іх — добраахвотнікі, мабілізаваныя і зьняволеныя, раней ня зьвязаныя з войскам.

Пра гэта гаворыцца ў зводцы Расейскай службы ВВС, складзенай сумесна з «Медиазоной» і камандай валянтэраў.

27% устаноўленых загінулых — добраахвотнікі, 14% — зьняволеныя, 11% — мабілізаваныя. З пачатку вайны загінулі 5540 афіцэраў, у тым ліку 12 генэралаў. Асабліва адчувальныя страты малодшых камандзіраў, што падрывае тактычную зладжанасьць падразьдзяленьняў.

З кастрычніка 2023 году страты застаюцца стабільна высокімі — каля 120 пацьверджаных сьмерцяў у дзень.

Журналісты вядуць падлік страт на аснове адкрытых дадзеных — публікацый у сацсетках і мясцовай прэсе, нэкралёгаў, фатаграфій з могілак. Рэальная колькасьць загінулых, паводле ацэнкі экспэртаў, можа дасягаць 273 тысяч, а з улікам байцоў прарасейскіх фармаваньняў у Данбасе — да 297 тысяч, адзначае ВВС.

Украіна і Расея рэдка падаюць афіцыйныя зьвесткі пра свае страты.

​
XS
SM
MD
LG