Місія Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ, IAEA), якая знаходзіцца на тэрыторыі Запароскай АЭС, паведаміла аб пажары ў выніку абстрэлаў паблізу станцыі, але за межамі яе тэрыторыі.
«Некалькі артылерыйскіх снарадаў трапілі на тэрыторыю за межамі пляцоўкі Запароскай АЭС, прыблізна за 400 мэтраў ад сховішча дызэльнага паліва, таксама вядомага як дызэльны паліўны склад. Імаверна, гэты інцыдэнт выклікаў пажары навакольнага сухастою», — адзначаецца ў паведамленьні МАГАТЭ.
Паводле генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі, гэты інцыдэнт, нягледзячы на адсутнасьць ахвяраў і шкоды для абсталяваньня, сьведчыць пра пастаянную рызыку для ядзернай бясьпекі ў часе «ваеннага канфлікту». Ён паведаміў, што прадстаўнікі арганізацыі пакуль не змаглі наведаць месца пажару.
«Ваенныя дзеяньні ўсё яшчэ пагражаюць Запароскай АЭС. Тое, што калісьці практычна нельга было ўявіць, — абстрэл ці іншая ваенная дзейнасьць паблізу вялікіх ядзерных аб’ектаў — стала рэгулярнай зьявай падчас гэтай жахлівай вайны. Я ня раз заклікаў да максымальнай ваеннай стрыманасьці паблізу атамных электрастанцыяў і зноў раблю гэта сёньня. Гэта павінна спыніцца, пакуль ня позна», — сказаў Рафаэль Гросі.
Апроч таго, ён паведаміў, што місіі МАГАТЭ на іншых АЭС ва Ўкраіне — Чарнобыльскай, Ровенскай, Паўднёваўкраінскай і Хмяльніцкай — таксама паведамілі аб «значным нарастаньні ваеннай дзейнасьці апошнімі тыднямі».
У Расеі ў абстрэле Запароскай АЭС абвінавацілі Ўкраіну. Прадстаўнік расейскай адміністрацыі станцыі паведаміў, што пажар каля паліўных складоў змаглі патушыць 17 верасьня.
Запароская АЭС — найбуйнейшая атамная электрастанцыя Эўропы. Расейскія войскі акупавалі горад Энэргадар і разьмешчаную паблізу яго Запароскую АЭС на пачатку сакавіка 2022 году.
Тэрыторыя станцыі пэрыядычна знаходзіцца пад абстрэламі, у якіх Украіна і Расея абвінавачваюць адна адну. Украінскія ўлады таксама заяўлялі, што расейскае войска выкарыстоўвала ЗАЭС для захоўваньня вайсковай тэхнікі і разьмяшчэньня сваіх вайскоўцаў.
У ліпені 2024 году Генэральная Асамблея ААН ухваліла рэзалюцыю, у якой заклікала Расею «тэрмінова вывесьці» свае войскі з тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку з Запароскай атамнай электрастанцыі.
Рэзалюцыю «Бясьпека і абароненасьць ядзерных абʼектаў Украіны, у тым ліку Запароскай АЭС» ухвалілі 99 дзяржаваў, дзевяць былі «супраць» — Беларусь, Бурундзі, Куба, КНДР, Эрытрэя, Малі, Нікарагуа, Расея і Сырыя. 60 дзяржаваў устрымаліся.