Украінскі цягнік, пашкоджаны расейскім абстрэлам 28 жніўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што расейскія войскі для атакі па Ўкраіне выкарысталі 172 ударныя бесьпілётнікі і дзьве крылатыя ракеты. Супрацьпаветраная абарона зьнішчыла 136 дронаў. Расейскія ракеты і 36 бесьпілётнікаў ударылі па 13 лякацыях.
У кампаніі «Укрзалізниця» паведамілі аб комплексным расейскім удары па чыгуначных падстанцыях. Праз атаку вымушана зьмененыя маршруты цягнікоў на адэскім і дніпроўскім кірунках.
«Частку рэйсаў накіравалі іншымі маршрутамі, ужо залучылі 20 рэзэрвовых цеплавозаў. Шэраг цягнікоў нашы дыспэтчары спынялі на бясьпечнай адлегласьці ад зоны паражэньня», — паведамілі ў кампаніі.
Як вынікае з паведамленьня, праблемы зьявіліся ў міжнародных перавозках на польскім кірунку — там спрабуюць скаардынаваць перасадкі, запусьціць іншыя цягнікі і паскорыць памежны кантроль.
Скасавалі некалькі цягнікоў мясцовых перавозак у Чаркаскай і Кіраваградзкай вобласьцях. Цяпер працуюць над аднаўленьнем энэргазабесьпячэньня сродкаў сыгналізацыі.
Паводле ўладаў Чаркаскай вобласьці, расейскія войскі цэлілі ў аб’екты крытычнай інфраструктуры.
У Кіраваградзкай вобласьці, апроч чыгуначных падстанцыяў, пашкоджаныя энэргетычныя аб’екты. Паводле мясцовых уладаў, без электраэнэргіі засталіся абласны цэнтар Крапіўніцкі і яшчэ 44 паселішчы рэгіёну.
Папярэдне вядома, што ў выніку гэтых удараў ахвяраў і пацярпелых няма.
Форум