Эўрапейскія лідэры наведаюць Злучаныя Штаты на гэтым тыдні, каб абмеркаваць, як спыніць вайну ва Ўкраіне, заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 7 верасьня пасьля таго, як Расея нанесла новы буйны ўдар бесьпілётнікамі па сталіцы Ўкраіны.
Як піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, Дональд Трамп не ўдакладніў, якія эўрапейскія лідэры паедуць у ЗША. Таксама Трамп сказаў, што неўзабаве пагаворыць з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і выказаў упэўненасьць, што яго намаганьні спыніць вайну будуць пасьпяховымі.
«Мы зьбіраемся гэта зрабіць — сытуацыю паміж Расеяй і Украінай — мы зьбіраемся гэта зрабіць. Я ўпэўнены, што мы гэта зробім», — сказаў Трамп журналістам пасьля вяртаньня ў Вашынгтон з Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе ў Нью-Ёрку.
Трамп зноў заявіў, што ён «вельмі расчараваны» Пуціным, і дадаў, што і ён, і першая лэдзі Мэланія Трамп «расчараваныя тым, што гэтая недарэчная вайна працягваецца», бо яго намаганьні пераканаць Расею і Ўкраіну пагадзіцца на перамовы аб спыненьні вайны цярпяць няўдачу. Раней ён паставіў ультыматумы і тэрміны, у тым ліку пагражаў далейшымі санкцыямі, калі Расея не заключыць мірнае пагадненьне.
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта раней заявіў, што Эўрапейскі зьвяз накіруе дэлегацыю ў Вашынгтон для падрыхтоўкі новых сумесных санкцый супраць Расеі.
«Мы працуем са Злучанымі Штатамі і іншымі аднадумцамі, каб павялічыць ціск праз далейшыя прамыя і другасныя санкцыі», — заявіў Кошта на прэс-канфэрэнцыі ва Ўкраіне 5 верасьня.
Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен абвясьціла, што 19-ы пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі з моманту паўнамаштабнага ўварваньня Масквы будзе прадстаўлены ў пачатку верасьня.
Камэнтары Трампа прагучалі на наступны дзень пасьля таго, як Расея 7 верасьня зноў маштабна атакавала Кіеў бесьпілётнікамі.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 6 верасьня адхіліў прапанову Пуціна паехаць у Маскву для мірных перамоваў і замест гэтага заклікаў яго прыехаць у Кіеў.
«Ён можа прыехаць у Кіеў, — сказаў Зяленскі ў інтэрвію ABC News. —Я не магу ехаць у Маскву, калі мая краіна штодня зазнае ракетных атак. Я не магу паехаць у сталіцу гэтага тэрарыста».
Украінскі прэзыдэнт дадаў, што прапанова Пуціна была накіраваная на тое, каб «адкласьці сустрэчу», і што расейскі лідэр «гуляе ў гульні са Злучанымі Штатамі». Раней Пуцін прымяншаў каштоўнасьць сустрэчы з украінскім прэзыдэнтам, але таксама выказаў меркаваньне, што ён будзе гатовы сустрэцца зь ім, але толькі на «роднай зямлі».
«Лепшае месца для гэтага — расейская сталіца, горад-герой Масква», — сказаў Пуцін падчас эканамічнага форуму ў партовым горадзе Ўладзівасток 5 верасьня.
Украінскія ўлады паведамілі пра відавочную зьмену тактыкі расейскіх войскаў паблізу стратэгічнага горада Пакроўск, за які вядуцца баі, у Данецкай вобласьці. Украінскі падразьдзел, адказны за Пакроўск, паведаміў, што сілы расейскіх марскіх пехацінцаў спрабуюць пранікнуць у горад у розных месцах невялікімі групамі, шукаючы ўкраінскія артылерыйскія аб’екты і апэратараў бесьпілётнікаў. Расейскія войскі, выкарыстоўваючы танкі і бранятэхніку, спрабуюць атачыць Пакроўск, рыхтуючыся да штурму горада, які да вайны меў каля 60 000 насельніцтва, але цяпер там у асноўным руіны.
«Паводле наяўнай інфармацыі, Расея плянуе разгарнуць свае войскі ў Данецкай вобласьці для так званага «рашучага прарыву», — напісаў украінскі падразьдзел у сацыяльных сетках.
За апошнія два тыдні Зяленскі папярэджваў, што Расея арганізуе сілы для маштабнага восеньскага наступу. Гэтыя заявы прагучалі, калі Пуцін зрабіў рэзкі сыгнал заходнім партнэрам Кіева, заявіўшы, што любыя іх войскі, разьмешчаныя ва Ўкраіне, стануць мішэньню Расеі. «Калі там зьявяцца якія-небудзь войскі, асабліва зараз, калі ідуць баі, мы мяркуем, што яны будуць законнымі цэлямі», — сказаў Пуцін.
Выступаючы ў Пэкіне, Пуцін заявіў, што Расея гатовая змагацца за дасягненьне ўсіх сваіх мэтаў, калі Ўкраіна не пагодзіцца на расейскія ўмовы. Ён таксама намякнуў, што гарантыі бясьпекі Захаду пасьля будучага мірнага пагадненьня ня будуць тычыцца раёнаў на ўсходзе Ўкраіны.