ЗША ўхвалілі продаж Украіне яшчэ аднаго пакету зброі для супрацьпаветранай абароны

Ракетная сыстэма Hawk. Архіўнае фота

Украіна таксама атрымала пацьверджаньне на набыцьцё ў ЗША 3 з 10 неабходных ёй сыстэм Patriot.

Пасьля таго, як перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай 23 ліпеня ў Стамбуле завяршыліся без істотнага прагрэсу, Вашынгтон абвясьціў аб продажы вайсковай прадукцыі Кіеву на суму да 322 мільёнаў даляраў.

Сыстэмы ўзбраеньня Hawk, якія Ўкраіна ўжо мае, будуць забясьпечаныя дадатковым абсталяваньнем і пасьляпродажнай падтрымкай, гаворыцца ў прэс-рэлізе Міністэрства абароны ЗША.

Вашынгтон заяўляе, што Ўкраіна зможа набыць «вырабы і паслугі, зьвязаныя з падтрыманьнем ракетнай сыстэмы Hawk, на 172 мільёны даляраў.

Гэтая зброя была распрацаваная ў 1950-я гады для абароны ад хуткіх самалётаў і некаторых ракет. Hawk былі разгорнутыя ўздоўж узьбярэжжа Флёрыды падчас Карыбскага ракетнага крызісу ў 1962 годзе.

Сыстэма Hawk неэфэктыўная супраць многіх хуткіх сучасных ракет, і амэрыканскія вайскоўцы замянілі яе ракетамі Patriot у 1990-х гадах. Аднак цяперашнія пагрозы ўкраінскім гарадам, у тым ліку павольныя бесьпілётнікі «Шахед», распрацаваныя ў Іране, наноў актуалізавалі сыстэму Hawk, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Вядома, што раней пастаўленыя ва Ўкраіну вэрсіі сыстэмы Hawk пасьпяхова супрацьстаялі расейскім абстрэлам. Украінскія вайскоўцы заявілі, што адна сыстэма Hawk зьбіла 40 бесьпілётнікаў і 14 ракет.

Тым часам Украіна атрымала пацьверджаньне на тры сыстэмы Patriot з 10 неабходных, паведаміў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі.

«Тры. Афіцыйна я атрымаў пацьверджаньне зь Нямеччыны на дзьве сыстэмы, з Нарвэгіі на адну. Зараз мы працуем з галяндзкімі партнэрамі, каб забясьпечыць гэтыя 10», — сказаў Зяленскі.

Сыстэма СПА Patriot. Архіўнае фота

Зяленскі адзначыў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп гатовы прадаць Украіне сыстэмы Patriot, задача — знайсьці грошы на ўсе 10 сыстэмаў. Таксама, як адзначыў прэзыдэнт, ён хацеў бы мець пакет ракет для кожнай сыстэмы адразу.

Тым часам ЗША ўхвалілі ўжо наступны пакет продажу Ўкраіне абсталяваньня для СПА і гаўбіц M109 на 330 мільёнаў даляраў, паведаміла Агенцтва абароннай супрацы ЗША.

Пакет прызначаны для мадыфікацыі і тэхнічнага абслугоўваньня, забесьпячэньня запаснымі часткамі, расходнымі матэрыяламі і аксэсуарамі.

Апрача таго, пакет прадугледжвае тэхнічнае абслугоўваньне, рамонт самаходных гаўбіц M109 і зьвязанага зь імі абсталяваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША пачалі абяцаныя Трампам камэрцыйныя пастаўкі зброі Ўкраіне