Міністры абароны Нямеччыны і Вялікай Брытаніі расказалі пра плян узбраеньня Ўкраіны

Міністар абароны Вялікай брытаніі Джон Гілі, тагачасны міністар абароны Ўкраіны Рустэм Умераў і міністар абароны Нямеччыны Борыс Пісторыюс, архіўнае фота красавіка 2025 году.

Міністры абароны Нямеччыны і Вялікай Брытаніі Борыс Пісторыюс і Джон Гілі 21 ліпеня на пасяджэньні Кантактнай групы па абароне Ўкраіны (фармат «Рамштайн») распавялі аб сумесным пляне ўзмацненьня ўкраінскай супрацьпаветранай абароны.

Па словах Джона Гілі, ён са сваім нямецкім калегам дамовіўся аб партнэрстве для прадстаўленьня Ўкраіне крытычна важных ракет да сыстэм СПА.

Борыс Пісторыюс раскрыў падрабязнасьці гэтага пляну:

«Мы разам з нашымі брытанскімі сябрамі дамо 220 тысяч 35-мілімэтровых патронаў для зэнітнай гарматнай сыстэмы Gepard у сьціслыя тэрміны, што фінансуецца Нямеччынай. Каб абараніць неба над Украінай мы павінны падтрымаць украінскія ўзброеныя сілы ў іх наступальных намаганьнях, накіраваных на аслабленьне паветраных магчымасьцей Расеі. Таму мы фінансуем комплексныя закупкі дальнабойных бесьпілётнікаў украінскай вытворчасьці. Гэтыя сыстэмы ўжо даказваюць сваю каштоўнасьць у полі бою. Яны зьнішчаюць расейскія самалёты, бесьпілётнікі і ракеты на зямлі задоўга да таго, як яны змогуць стаць пагрозай Украіне, яе гарадзкім цэнтрам ці інфраструктуры. Першыя сыстэмы, фінансуюцца Нямеччынай, будуць дастаўленыя ўкраінскім узброеным сілам на працягу наступных некалькіх дзён і будуць гатовыя да неадкладнага выкарыстаньня», — распавёў міністар абароны Нямеччыны.

Яго брытанскі калега Джон Гілі сказаў, што Лёндан паабяцаў даць Украіне больш за 4,5 мільярда фунтаў стэрлінгаў вайсковай дапамогі ў гэтым годзе, што зьяўляецца «найвышэйшым узроўнем за ўсю гісторыю».

«Мы працягваем выконваць гэтае абяцаньне, у тым ліку 700 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў на артснарады, ракеты далёкага радыюсу дзеяньня і абаронныя ракеты, прычым 150 мільёнаў з гэтай падтрымкі было прадстаўлена за апошнія два месяцы. З сакавіка Вялікая Брытанія паставіла Ўкраіне каля 50 тысяч бесьпілётнікаў. Гэта дапамагае нам выканаць нашае абавязаньне павялічыць колькасьць бесьпілётнікаў, якія мы пастаўляем Украіне сёлета, у дзесяць разоў», — адзначыў Гілі.

Борыс Пісторыюс пацьвердзіў, што Нямеччына «ўнясе свой уклад у больш хуткае прадстаўленьне пяці вельмі неабходных сыстэм Patriot», а таксама прадставіць дадатковыя інвэстыцыі і забясьпечыць цеснае тэхнічнае супрацоўніцтва паміж нямецкай і ўкраінскай абароннай прамысловасьцю.

Раней 21 ліпеня міністар абароны Ўкраіны Дзяніс Шмігаль і галоўнакамандуючы ЎСУ Аляксандар Сырскі назвалі самай крытычнай патрэбнасьцю Ўкраіны ў закупцы сыстэм супрацьпаветранай абароны і боепрыпасаў да іх.

Чарговая сустрэча Кантактнай групы па абароне Ўкраіны (фармат «Рамштайн») праходзіць 21 ліпеня ў фармаце анлайн.

Удзел у пасяджэньні бяруць 52 краіны на ўзроўні міністраў абароны або іх намесьнікаў. Старшынююць Вялікая Брытанія і Нямеччына, якія склікалі сустрэчу.

Украіну прадстаўляюць міністар абароны Дзяніс Шмыгаль і яго папярэднік Рустэм Умераў, які заняў пасаду сакратара РНБА і прадстаўляў Украіну на папярэдніх сустрэчах у гэтым фармаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіеў, Івана-Франкоўск, Харкаў. Перад новым раўндам перамоваў Расея нанесла масавыя ўдары па Ўкраіне


Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.