Кіеў, Івана-Франкоўск, Харкаў. Перад новым раўндам перамоваў Расея нанесла масавыя ўдары па Ўкраіне

Расейская паветраная атака на Кіеў 21 ліпеня 2025 году

Згодна з інфармацыяй украінскіх вайскоўцаў, Расея атакавала Ўкраіну 426 ударнымі дронамі і 24 ракетамі, у тым ліку аэрабалістычнымі. Сродкі супрацьпаветранай абароны зьбілі ўсе ракеты і 200 дронаў.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сілаў Украіны паведамілі, што расейскія войскі нанесьлі камбінаваны ўдар па Ўкраіне з выкарыстаньнем ракет і дронаў.

Найбольш ад абстрэлаў пацярпелі Кіеў і Кіеўская вобласьць, Днепрапятроўская і Івана-Франкоўская вобласьці. Паўсюль ёсьць пацярпелыя.

Паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, у выніку атакі загінулі 2 чалавекі і 15 атрымалі раненьні.

У Расеі заявілі, што «групавы ўдар» нанесьлі па вайсковых аб'ектах Украіны.

У Івана-Франкоўскай вобласьці разбурэньні ў жылым сэктары

У трох раёнах Івана-Франкоўскай вобласьці ў выніку ракетнай і дронавай атакі пацярпела інфраструктура.

«Зафіксавана пападаньне, на жаль, ёсьць пацярпелыя», — напісала ў сваім Telegram-канале кіраўніца абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сьвятлана Анішчук.

Паводле яе, у адной зь мясцовых грамад пашкоджаныя жылыя дамы.

Папярэдне паведамілі аб 4 параненых, у тым ліку адным дзіцяці.

У Кіеве адзін чалавек загінуў і 7 атрымалі раненьні

У Кіеве ў выніку расейскіх абстрэлаў пацярпелі пяць раёнаў — Дняпроўскі, Саломенскі, Шаўчэнкаўскі, Дарніцкі і Сьвятошынскі. Трывога працягвалася амаль 10 гадзін.

«У выніку варожай атакі на сталіцу адзін чалавек загінуў, 9 пацярпелі, у тым ліку 15-гадовая дзяўчына. Шпіталізавалі пяцёх пацярпелых», — паведаміў мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко.

Пацярпелі жылыя дамы, гаспадарчыя і складзкія памяшканьні, пашкоджаны ўваход на станцыю мэтро «Лук’янаўская».

У Кіеўскай вобласьці, паводле папярэдніх паведамленьняў, пацярпелых няма. У двух раёнах вобласьці — Фастаўскім і Вышгарадзкім — пашкоджаныя жылыя дамы.

У Днепрапятроўскай вобласьці — без параненых і ахвяраў, пацярпела інфраструктура

У ноч на 21 ліпеня ад абстрэлаў пацярпелі Нікапальская, Марганецкая, Чырвонагрыгораўская і Сінельнікаўская грамады.

Паводле абласных уладаў, пацярпелых няма. Пашкоджана інфраструктура, АЗС, прадпрыемства, пяць аўтамабіляў.

У Харкаўскай вобласьці ад абстрэлаў пацярпелі абласны цэнтар і 10 населеных пунктаў рэгіёну

Паводле абласных уладаў, пацярпелі 7 чалавек.

Для абстрэлаў расейскія войскі выкарысталі 42 авіяракеты і 37 дронаў розных тыпаў.

У Харкаве пашкоджаны адміністрацыйны будынак, шматпавярховы жылы дом, дарогі і трамвайныя драты.

У прылеглых раёнах пашкоджаныя дзясяткі жылых дамоў, электрасеткі, чыгуначная станцыя і база адпачынку.

Украіна прапанавала Расеі правесьці трэці раўнд перамоваў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб працягу перамоваў з Расеяй аб новым абмене палоннымі.

«Сакратар РНБА Ўмераў далажыў, што прапанаваў расейскаму боку наступную сустрэчу на наступным тыдні. Перамоўную дынаміку трэба нарошчваць. Трэба рабіць усё, каб дасягнуць прыпыненьня агню. І расейскі бок павінен перастаць хавацца ад рашэньняў», — паведаміў украінскі прэзыдэнт.

Уладзімір Зяленскі таксама заявіў аб неабходнасьці сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным, «каб рэальна забясьпечыць мір, сапраўды трывалы».

«Украіна гатовая да такой сустрэчы», — падкрэсьліў украінскі прэзыдэнт.

Украінскія СМІ пішуць, што новы раўнд перамоваў можа адбыцца 23–24 ліпеня.

Раней прадстаўнікі расейскай улады заяўлялі, што накіроўвалі Ўкраіне прапановы наконт новага раўнду перамоў, але ўкраінскі бок нібыта не рэагаваў на такія прапановы.

​
XS
SM
MD
LG