На Харкаўшчыне ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі радзільня, стаматалягічная клініка і гарадзкая лякарня. Ёсьць ахвяры

Наступствы расейскага абстрэлу Харкава. Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве аховы здароўя Ўкраіны паведамілі, што ў выніку начных і ранішніх абстрэлаў у Харкаўскай вобласьці пацярпелі тры мэдычныя ўстановы — радзільны дом і стаматалягічная клініка ў абласным цэнтры, а таксама гарадзкая лякарня ў Чугуеве.

«У радзільным доме пашкоджаныя больш за 40 вокнаў, плянуецца эвакуацыя пацыентаў у іншыя ўстановы», — паведамілі ў міністэрстве.

Адзначаецца, што сярод жанчын і мэдыкаў ніхто не пацярпеў.

Стаматалягічную клініку цяпер немагчыма аднавіць — баявы дрон пацэліў у памяшканьне паміж першым і другім паверхамі. Пацярпелых няма.

Моцна пашкоджаная гарадзкая лякарня ў Чугуеве — там выбіта больш як 200 вокнаў і 100 дзьвярэй, параненыя два мэдыкі і два пацыенты.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі, у выніку начных і ранішніх расейскіх абстрэлаў адзін чалавек загінуў і 14 параненыя.

  • Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
  • Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля крытыкі Трампа на адрас Пуціна расейскае войска нанесла рэкордны ўдар па Ўкраіне ракетамі і дронамі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп упершыню накіруе Ўкраіне пакет вайсковай дапамогі, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы, — Reuters