Трамп: «Пуцін нагаварыў шмат лухты», магчымыя санкцыі

Дональд Трамп, архіўнае фота.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у аўторак на пасяджэньні свайго кабінэту ў Белым доме, што ён незадаволены расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным і разглядае магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый адносна Расеі ў сувязі з яе нежаданьнем завяршаць вайну ва Ўкраіне.

Па словах Трампа, Пуцін «нагаварыў нам мноства ўсякай лухты». Амэрыканскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Пуцін паводзіць сябе зь ім «ветліва», але на практыцы гэта «ня мае ніякага сэнсу», паколькі, паводле Трампа, мноства людзей працягвае гінуць.

На пытаньне аб тым, як Трамп будзе рэагаваць на апошнія дзеяньні Расеі, прэзыдэнт ЗША адзначыў, што можа зрабіць «невялікі сюрпрыз». Ён дадаў, што вывучае законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі, распрацаваны групай сэнатараў. Пры гэтым, па словах Трампа, прыняцьце гэтага дакумэнту будзе залежаць ад яго меркаваньня.

Прэзыдэнт таксама зноў адзначыў ролю ЗША ў пастаўках зброі Ўкраіне, выказаўшы меркаваньне, што дзякуючы амэрыканскай зброі Кіеў не прайграў вайну за 3-4 дні, як прадказвалі многія. Па словах Трампа, ён нядаўна ўхваліў новыя пастаўкі абарончых узбраеньняў Украіне, паколькі, паводле яго слоў, «Пуцін няправільна паводзіць сябе ў адносінах да людзей». «Ён забівае занадта шмат людзей», — дадаў прэзыдэнт ЗША.

Заявы прагучалі на фоне паведамленьняў Пэнтагону аб тым, што Злучаныя Штаты адпраўляюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне «з мэтай гарантаваць здольнасьць украінцаў абараніць сябе ў той час, як мы працуем з мэтай дасягненьня трывалага міру і спыненьня забойстваў».

Выданьне Axios у аўторак са спасылкай на свае крыніцы ў адміністрацыі Дональда Трампа піша, што кіраўнік Белага дому паабяцаў украінскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Зяленскаму неадкладна адправіць Кіеву 10 ракет для сыстэм СПА Patriot. Гэта прагучала ў размове Трампа зь Зяленскім на мінулым тыдні. Крыніцы Axios таксама заявілі, што Трамп паабяцаў украінскаму лідэру дапамагчы знайсьці іншыя спосабы паставак. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што Вашынгтон дамагаецца ад Нямеччыны закупкі сыстэм Patriot у ЗША для далейшай перадачы Ўкраіне.

  • У пачатку ліпеня стала вядома аб рашэньні Вашынгтону прыпыніць пастаўкі некаторых відаў узбраеньняў, у тым ліку ракеты для Patriot. Гэта выклікала занепакоенасьць у Кіеве.
  • Пасьля вяртаньня ў Белы дом у студзені 2025 году Трамп неаднаразова заяўляў, што імкнецца да больш хуткага завяршэньня вайны ва Ўкраіне. Адміністрацыя ЗША ўступіла ў кантакт як з Расеяй, так і з Украінай, спрабуючы дабіцца спыненьня агню.
  • На фоне працягу баявых дзеяньняў Трамп, які першапачаткова заяўляў аб добрых адносінах з Пуціным, пачаў крытыкаваць як расейскага лідэра, так і прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага. Зробленыя ў аўторак заявы — адны з самых жорсткіх слоў Трампа пра Пуціна за ўвесь час.
  • Некалькі дзён таму прэзыдэнты ЗША і Расеі размаўлялі па тэлефоне, пасьля чаго Трамп сказаў, што ніякага прагрэсу па пытаньні аб завяршэньні вайны дасягнуць не ўдалося.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Пэнтагоне заявілі, што на загад Трампа накіроўваюць дадатковыя ўзбраеньні Ўкраіне