«На ўказаньне прэзыдэнта Трампа Міністэрства абароны накіроўвае дадатковае абарончае ўзбраеньне Ўкраіне з мэтай гарантаваць здольнасьць украінцаў абараніць сябе ў той час, калі мы працуем з мэтай дасягненьня трывалага міру і спыненьня забойстваў», — гаворыцца ў заяве Шона Парнэла, прэс-сакратара Пэнтагону.
Ён падкрэсьліў, што адміністрацыя працягвае ацэнку паставак узбраеньняў па ўсім сьвеце ў кантэксьце іх адпаведнасьці стратэгіі «Амэрыка перш за ўсё». Пра якія віды ўзбраеньняў ідзецца, не паведамляюць.
Раней у панядзелак падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб намеры накіраваць Кіеву ўзбраеньні.
«Яны павінны мець магчымасьць абараніць сябе», — сказаў прэзыдэнт Трамп, адзначыўшы, што акцэнт будзе зроблены на пастаўках абарончых узбраеньняў. Дональд Трамп чарговы раз выказаў расчараваньне расейскім кіраўніком: «Я зусім не задаволены прэзыдэнтам Пуціным».
4 ліпеня прэзыдэнты Ўкраіны і ЗША Ўладзімір Зяленскі і Дональд Трамп правялі тэлефонныя перамовы. 5 ліпеня Трамп заявіў, што Ўкраіне патрэбныя зэнітна-ракетныя комплексы Patriot «для абароны».
«У нас была добрая размова зь Зяленскім», — сказаў Трамп журналістам на борце прэзыдэнцкага самалёта Air Force One. Пры гэтым паўтарыў, што ён «вельмі незадаволены» сваёй размовай з Пуціным напярэдадні і адмовай, як ён сказаў, расейскага лідэра працаваць над спыненьнем агню.
Адказваючы на пытаньне аб магчымай пастаўцы Украіне дадатковых комплексаў СПА Patriot, пра якія прасіў Зяленскі, Трамп заявіў: «Ім яны патрэбныя для абароны... Ім трэба нешта, бо іх моцна абстрэльваюць».
Нядаўняе рашэньне Вашынгтону прыпыніць пастаўкі некаторых відаў узбраеньняў, у тым ліку ракеты для Patriot, выклікала занепакоенасьць у Кіеве. Нямеччына вядзе з ЗША перамовы аб куплі сыстэмаў Patriot для наступнай перадачы Ўкраіне, аднак ніякіх рашэньняў пакуль не прынята.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля «добрай размовы зь Зяленскім» Трамп прызнаў, што Ўкраіне патрэбныя комплексы СПА Patriot- Між тым NBC News з спасылкай на крыніцы паведаміла, што праверка амэрыканскіх вайсковых запасаў, пасьля якой Пэнтагон прыпыніў пастаўкі зброі Украіне, ня выявіла іх крытычнага недахопу. Паводле суразмоўцаў выданьня, колькасьць некаторых высокадакладных боепрыпасаў выявілася зьніжаная, але не дасягнула мінімальна дапушчальнага парогу. Аб’яднаны камітэт начальнікаў штабоў прыйшоў да высновы, што працяг дапамогі Украіне не падарве баяздольнасьці самых ЗША.
- Рашэньне часова прыпыніць пастаўкі было, паводле інфармацыі NBC, ініцыятывай міністра абароны Піта Гэґсэта і яго намесьніка Элбрыджа Колбі, які даўно выступае за скарачэньне ўцягваньня ЗША ў расейска-ўкраінскую вайну і пераарыентацыю рэсурсаў на стрымліваньне Кітаю ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Пэнтагоне ўдакладнілі: Украіна будзе атрымліваць дапамогу ЗША, але інфармаваць аб гэтым ня будуцьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.