Стала вядома пра яшчэ аднаго загінулага беларуса, які ваяваў на баку Расеі. Ён служыў у адным з самых жорсткіх падразьдзелаў войска РФ

Расейскі салдат у Запароскай вобласьці Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

У праекце «Хачу знайсьці», які рэалізуе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, паведамілі аб гібелі грамадзяніна Беларусі Васіля Тужыкава.

Васіль Тужыкаў служыў у 9 асобнай мотастралковай брыгадзе сухапутных войскаў Расеі (вайсковая частка 71443), быў камандзірам аднаго зь яе аддзяленьня і загінуў 9 жніўня 2024 году.

Ён нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і 27 красавіка 1998 году ў вёсцы Зьвянчатка Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласьці.

Згодна зь інфармацыяй каманды BelPol, ён закончыў Магілёўскі дзяржаўны прафэсійны ліцэй машынабудаўніцтва, але інфармацыі аб ягонай працы да кантракту з расейскай арміяй пацьвердзіць не ўдалося.

Ягоны бацька, паводле інфармацыі на 2021 год, працаваў мэханізатарам у ААТ «Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў», а маці (па стане на 2013 год) — даяркай. Бацькі ня маюць выездаў у Расею. У іх засталіся яшчэ два сыны — Артур і Дзяніс.

Грамадзянін Беларусі ВасільТужыкаў, які ваяваў на баку Расеі і загінуў. Фота перадала каманда BelPol

Як вынікае зь інфармацыі, якую мае Свабода ў сваім распараджэньні, Васіль Тужыкаў падпісаў кантракт з расейскай арміяй не раней за вясну 2023 году.

9 асобная мотастралковая брыгада лічыцца адным з самых жорсткіх і крывавых падразьдзелаў расейскага войска. Яна створана на базе асобнага палка марской пяхоты так званай «народнай міліцыі ДНР». У 2022 годзе ўдзельнічаў у баях за Марыюпаль, потым за Аўдзееўку і Нью-Йрк (папярэдняя назва Наўгародзкае. — РС).

Год таму сваякі вайскоўцаў, якія служылі ў гэтай брыгадзе стварылі пэтыцыю з заклікам да ваеннага камандаваньня Расеі правесьці праверку дзейнасьці камандзіраў празь іх «прававое бязьмежжа». У пэтыцыі адзначалася, што вайскоўцы з спазьненьнем атрымліваюць грашовае забесьпячэньне, адмаўляюць у мэдычнай дапамозе, вымагаюць у падначаленых грошы, зьнімаюць сродкі з банкаўскіх картак загінулых і тых, хто прапаў бязь вестак.

Апроч таго, сваякі пісалі, што камандзіры адпраўлялі параненых і хворых на баявыя заданьні, выкрадалі асабістыя рэчы і дакумэнты, а таксама зьбівалі, зьдзекаваліся, кідалі ў «яму» і пазбаўлялі сваіх салдат вады, ежы, туалету.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі: 96 зь іх загінулі, 7 — у палоне

Афіцыйна беларускія вайскоўцы і армейскія падразьдзелы не ваююць на баку Расеі супраць Украіны. У той жа час Расея зь вясны 2023 году пачала актыўна вэрбаваць беларусаў на службу паводле кантрактаў у расейскай арміі, абяцаючы вялікія выплаты.

Міністэрства абароны Беларусі і яго кіраўніцтва за ўвесь час вайны Расеі супраць Украіны ніводнага разу ня выказаліся наконт незаконнага рэкрутынгу беларусаў у шэрагі расейскай арміі.

Паводле праваабаронцаў, на службу ў расейскую армію найчасьцей трапляюць людзі, якія знаходзяцца ў эканамічна ці сацыяльна ўразьлівым становішчы, выкарыстоўваючы фінансавую нестабільнасьць як інструмэнт прымусу.

Ёсьць выпадкі, калі да падпісаньня кантрактаў з Узброенымі сіламі Расеі прымушаюць грамадзян Беларусі, якія нелегальна знаходзяцца на расейскай тэрыторыі або асуджаныя і адбываюць пакараньне ў турмах і калёніях Расеі.

Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.

Пасьля таго, як Расея ў 2014 годзе анэксавала ўкраінскі Крым і пачала баявыя дзеяньні ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны, беларусы пачалі далучацца вайсковых падразьдзелаў, і такім чынам, ваююць як на баку Ўкраіны, так і Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва Ўкраіне загінулі чацьвёра грамадзян Беларусі, якія ваявалі на баку Расеі. Яшчэ адзін здаўся ва ўкраінскі палон

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.