У ААН пацьвердзілі расстрэлы расейцамі палонных украінцаў і падлічылі ахвяр у выніку абстрэлаў Расеі

Наступствы расейскага ўдару па будынку ліцэю ў горадзе Белгарад-Днястроўскі Адэскай вобласьці. 23 чэрвеня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека абнародавала новую справаздачу, у якой адзначаецца павелічэньне на 37 адсоткаў колькасьці мірных ахвяр расейскіх абстрэлаў украінскіх мірных гарадоў.

Апублікаваная справаздача ахоплівае інфармацыю з 1 сьнежня 2024 году да 1 траўня 2025 году.

За апошнія шэсьць месяцаў у выніку расейскіх абстрэлаў загінулі 968 цывільных асобаў, у тым ліку 42 дзяцей, яшчэ 4 807 чалавек атрымалі раненьні.

«Вайна ва Ўкраіне, якая ідзе ўжо чацьвёрты год, становіцца ўсё больш сьмяротнай для мірнага насельніцтва. Мы працягваем дакумэнтаваць мадэлі гвалту, якія супярэчаць абавязаньням паводле міжнароднага гуманітарнага права», — сказала кіраўніца місіі ААН па маніторынгу правоў чалавека ва Ўкраіне Даніэль Бэл.

Паводле місіі ААН, за апошнія шэсьць месяцаў расейцы пакаралі сьмерцю 35 палонных украінскіх вайскоўцаў. 117 з 119 украінцаў, у тым ліку два мэдыкі, якія вярнуліся з расейскага палону, паведамілі падрабязныя сьведчаньні аб катаваньнях і жорсткім абыходжаньні, уключна з моцным зьбіцьцём, выкарыстаньнем электрычнага току, нацкоўваньнем сабак, сэксуальным гвалтам, працяглым стаяньнем, знясільваючымі фізычнымі практыкаваньнямі і прыніжэньнем.

У справаздачы ААН адзначаецца, што задакумэнтавалі 18 выпадкаў сэксуальнага гвалту мужчын, жанчын і дзяўчат з боку расейскіх салдат, прадстаўнікоў сілавых і пэнітэнцыярных органаў. У акупаваных Расеяй населеных пунктах жанчыны і дзяўчаты знаходзіліся ў павышаных рызыках сэксуальнага гвалту.

У той жа час місія ААН адзначыла, што і расейскія вайскоўцы, якія ўтрымліваюцца ва ўкраінскім палоне, таксама расказвалі аб пакараньні сьмерцю з боку ўкраінскіх жаўнераў, але экспэрты зафіксавалі толькі адзін такі выпадак, яшчэ адзін пакуль высьвятляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

20 чалавек загінулі, 279 атрымалі раненьні. У Днепрапятроўскай вобласьці абвешчана жалоба