20 чалавек загінулі, 279 атрымалі раненьні. У Днепрапятроўскай вобласьці абвешчана жалоба

Выратавальныя работы пасьля расейскага ўдару па Дніпры, 24 чэрвеня 2025
Выратавальныя работы пасьля расейскага ўдару па Дніпры, 24 чэрвеня 2025

Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Сяргей Лысак паведаміў, што ў выніку расейскага ракетнага ўдару 24 чэрвеня ў Дніпры загінулі 18 чалавек і яшчэ 2 — у горадзе Самар.

«У жалобе ўся Днепрапятроўшчына. Гэта боль, які адгукаецца ў кожным сэрцы. Ён ніколі ня зьнікне», — напісаў Сяргей Лысак у сваім Telegram-канале.

Паводле яго, траўмы і раненьні рознай ступені атрымалі 279 чалавек, у тым ліку 27 дзяцей.

24 чэрвеня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Дніпры і Днепрапятроўскай вобласьці. Пацярпелі цывільная інфраструктура і мірнае насельніцтва. У выніку ўдару пашкоджаньныя 10 дзіцячых садкоў, 19 школаў, вучэльня, музычная школа, 8 мэдычных установаў.

Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць Украіну з розных відаў узбраеньня — ударнымі дронамі, ракетамі, кіраванымі авіябомбамі.

Кіраўніцтва Расеі зьняпраўджвае тое, што расейская армія наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры і мірным насельніцтве.

Украінская ўлада і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і пераконваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.


​
XS
SM
MD
LG