Ціханоўская ў Стакгольме заявіла, што беларускія жанчыны ў 2020 годзе зьмянілі хаду гісторыі

Выступае Сьвятлана Ціханоўская

16–17 чэрвеня Стакгольм прымае форум «Пашырэньне правоў і магчымасьцяў жанчын і дэмакратыя для Беларусі — 2025», міжнародную плятформу, прысьвечаную ролі беларускіх жанчын у змаганьні за дэмакратыю.

На форуме абмяркоўваюць палітычнае лідэрства, абарону правоў чалавека і запуск Праграмы жаночага лідэрства для Беларусі. Як гаворыцца ў прэсавым рэлізе Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, «гэта — практычны крок да ўмацаваньня жаночага голасу ў будучыні краіны».

Святлана Ціханоўская ў вітальным слове зьвярнула ўвагу на тое, як жанчыны сталі маральнай апорай рэвалюцыі 2020 году:

«Пасьля таго як у нас скралі перамогу на выбарах, беларускія жанчыны зьмянілі хаду гісторыі. Яны выступілі супраць адной з самых жорсткіх дыктатураў, але не дзеля палітычных амбіцый. Яны ня выйшлі са зброяй ці лёзунгамі нянавісьці. Яны выйшлі з годнасьцю, мужнасьцю і любоўю — да сваёй краіны і свайго народу.

Ніна Багінская, 73 гады, адна размахвае сьцягам перад АМАПам. Нягледзячы на шматлікія затрыманьні, яна працягвала зьяўляцца на мітынгах. Бясстрашная. Нязломная.

Кацярына Андрэева, якая расказвала праўду зь перадавой, пакуль рэжым не прымусіў яе замаўчаць, прысудзіўшы 8 гадоў турмы.

Марыя Калесьнікава, якая парвала свой пашпарт на мяжы, каб застацца і змагацца за сваю краіну. Яе трымаюць у поўнай ізаляцыі, бяз сувязі з вонкавым сьветам.

Паліна Шарэнда-Панасюк, маці, якая глядзела ў вочы сваім турэмнікам. Катаваная, але па-ранейшаму няскораная.

Марыя Зайцава была параненая ў Менску міліцэйскай гранатай, а праз два гады паехала змагацца за Ўкраіну. Ёй было ўсяго 24 гады, калі яна аддала сваё маладое жыцьцё за свабоду нашых дзьвюх краін.

Гэтыя жанчыны — ня проста сымбалі. Яны — дух нашай рэвалюцыі».

17 чэрвеня ў межах форуму пройдуць дзьве панэлі: «Жанчыны як рухальная палітычная і сацыяльная сіла ў Беларусі: выклікі і высновы» і «Шляхі далейшага пашырэньня правоў жанчын і ўдзелу ў жыцьці краіны: палітычныя рашэньні і іх рэалізацыя».