Кіраўнік МУС Украіны заявіў, што падчас апошніх абменаў Кіеву «перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя зь целамі ўкраінцаў»

Ілюстрацыйнае фота. Абмен целамі 13 чэрвеня 2025 году.

Кіраўнік МУС Украіны Ігар Кліменка ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што падчас апошніх абменаў Кіеву «перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя з целамі ўкраінцаў». У Расеі яго заяву пакуль не камэнтавалі.

Кліменка заявіў, што пасьля кожнай рэпатрыяцыі пачынаецца карпатлівая праца па выкрыцьці, аглядзе сьледчым, правядзеньні ДНК і праверкі ўсіх дэталяў. «Гэты працэс і так складаны і працяглы. А Расея яшчэ і наўмысна ўскладняе нам працэс ідэнтыфікацыі. Целы вяртаюцца ў вельмі зьнявечаным стане, часткі цел — у розных мяшках. Ёсьць выпадкі, калі рэшткі аднаго чалавека вяртаюць нават падчас розных этапаў рэпатрыяцыі, — напісаў ён. — Да таго ж, падчас апошніх рэпатрыяцый нам перадалі і целы расейскіх вайскоўцаў — зьмешаныя з ь целамі ўкраінцаў. На жаль, гэта факт».

Кіраўнік МУС Украіны лічыць, што гэта «магло быць зроблена расейцамі наўмысна, каб павялічыць колькасьць перададзеных цел і загрузіць працай нашых экспэртаў, дапаўняючы ўсё гэта цынічным інфармацыйным націскам». «А можа і быць звыклым для іх нядбайным стаўленьнем да ўласных людзей. У любым выпадку гэтыя целы мы таксама ідэнтыфікуем», — адзначыў ён, дадаўшы, што ўкраінскія экспэрты працуюць на мяжы магчымага, але максымальна паскараюць працэс ідэнтыфікацыі.

Украіна і Расея ў рамках стамбульскіх дамоўленасьцей абмяняліся целамі загінуўшых. Расейскі бок, па дадзеных украінскага Каардынацыйнага штабу ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, перадаў Кіеву 6057 цел. Памочнік Уладзіміра Пуціна Уладзімір Мядзінскі сьцьвярджае, што Ўкраіне вернуты целы 6060 «загінулых афіцэраў і салдат УСУ».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна правялі чарговы абмен целамі загінулых вайскоўцаў. Але лічбы назвалі розныя
  • Колькасьць зьніклых бязь вестак і загінулых на вайне расейскіх вайскоўцаў афіцыйна невядомая. Па падліках Расейскай службы «Бі-бі-сі», «Медиазоны» і каманды валянтэраў на канец траўня, з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня РФ ва Ўкраіну загінулі ня менш за 110 608 расейскіх вайскоўцаў.
  • Кіраўнік праваабарончай групы «Грамадзянін. Армія. Права» Сяргей Крывенка раней падкрэсьліваў, што Мінабароны РФ «зусім не было гатовае да такой колькасьці трупаў расейскіх салдат у першы год вайны». А жонкі і маці загінулых наймітаў ПВК «Вагнер» расказвалі, што некаторыя труны ім перадавалі закрытымі, а тыя, хто ўскрываў іх, не мог зрабіць ДНК, таму што цела або ўжо згніла, або было настолькі абгарэлым, што тэст рабіць адмаўляліся.
  • 25 лютага 2024 году, упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі агучыў колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў: 31 тысяча. У той жа час Зяленскі сказаў, што ня можа паведаміць, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў параненыя і прапалі бязь вестак. Таксама, паводле яго інфармацыі, страты Расеі склалі 180 тысяч вайскоўцаў забітымі і да 500 тысяч разам параненымі і забітымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Wall Street Journal ацаніў агульныя страты Расеі і Ўкраіны ў вайне больш як у мільён вайскоўцаў