Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Wall Street Journal ацаніў агульныя страты Расеі і Ўкраіны ў вайне больш як у мільён вайскоўцаў

Магілы забітых расейскіх салдат. Архіўнае фота
Магілы забітых расейскіх салдат. Архіўнае фота

Агульныя страты вайскоўцаў Расеі і Ўкраіны з пачатку поўнамаштабнай вайны РФ у 2022 годзе могуць перавысіць мільён чалавек.

Такую ацэнку прыводзіць выданьне The Wall Street Journal.

Выданне абапіраецца на неафіцыйныя ацэнкі, у тым ліку заходніх выведак, кажучы, што цяжка вызначыць дакладную колькасьць загінулых і параненых, паколькі Расея і Ўкраіна адмаўляюцца агучваць афіцыйныя лічбы або апублікавалі такія зьвесткі, якім многія не давяраюць.

WSJ ацэньвае колькасць забітых украінскіх вайскоўцаў у 80 тысяч, расейскіх — прыкладна ў 200 тысяч. Каля 400 тысяч чалавек ва ўкраінскай арміі і 400 тысяч у расейскай арміі атрымалі раненьні, піша выданьне. Вялікія страты несьці расейскай арміі цяжка, гаворыцца ў артыкуле, але для маланаселенай Украіны яны могуць быць значна цяжэйшымі.

Страты на полі бою і адток насельніцтва наносяць велізарную шкоду будучыні дзьвюх краін, піша выданьне. Колькасьць насельніцтва Ўкраіны з 48 мільёнаў паводле перапісу 2001 году можа зьменшыцца да 25-27 мільёнаў без уліку жыхароў акупаваных Расеяй тэрыторыяў. Паводле ацэнак газэты, пасля пачатку вайны Расею пакінулі каля 600 тысяч чалавек, у асноўным маладыя спэцыялісты.

Паводле зьвестак украінскага Генштабу, на раніцу 17 верасьня падчас поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну Расея страціла каля 635 880 сваіх вайскоўцаў, у тым ліку 1020 за апошнія 24 гадзіны.

Расея і Ўкраіна амаль не даюць зьвестак пра свае страты ў вайне. Афіцыйна Масква апошні раз называла колькасьць забітых у верасьні 2022 году — тады паведамілі, што загінулі 5937 чалавек. Кіеў доўгі час не рабіў гэтага, заяўляючы, што дадзеныя будуць абнародаваныя пасьля вайны.

25 лютага 2024 году, упершыню з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі агучыў колькасць загінулых украінскіх вайскоўцаў: 31 тысяча. У той жа час Зяленскі сказаў, што ня можа паведаміць, колькі ўкраінскіх вайскоўцаў параненыя і прапалі бязь вестак. Таксама, паводле яго інфармацыі, страты Расеі склалі 180 тысяч вайскоўцаў забітымі і да 500 тысяч разам параненымі і забітымі.

Брытанская выведка заявіла 17 верасьня, што страты Расеі з пачатку ўварваньня ацэньваюцца ў больш як 610 тысяч чалавек забітымі і параненымі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG