Зяленскі: Расея з пачатку чэрвеня атакавала Ўкраіну амаль 3 тысячамі дронаў

Наступствы аднаго з ранейшых удараў расейскіх вайскоўцаў па Крамянчуку, 6 чэрвеня 2025

Вайна паміж Расеяй і Ўкраінай: агляд аб абстрэлах грамадзянскай інфраструктуры і вяртаньні цел загінулых за 15 чэрвеня.

У Каардынацыйным штабе Ўкраіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі паведамілі аб вяртаньні 15 чэрвеня на ўкраінскую тэрыторыю 1200 цел загінулых у баях з расейскай арміяй вайскоўцаў.

«Неўзабаве сьледчыя праваахоўных органаў супольна з экспэртнымі ўстановамі МУС правядуць усе неабходныя экспэртызы і ідэнтыфікацыю вернутых цел», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскага штабу.

У Службе бясьпекі Ўкраіны ўдакладнілі, што целы загінулых украінцаў гэтым разам даставілі па чыгунцы, але не ўдакладнілі, зь якой тэрыторыі адпраўляўся цягнік. Наступная перадача целаў будзе адбывацца аўтамабільным транспартам.

Расейскія крыніцы паведамляюць, што ўкраінскі бок за апошнія два дні не перадаў Расеі ніводнага цела загінулага расейскага вайскоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея зноў перадала Ўкраіне 1200 целаў. Сярод абмененых жывых палонных беларусаў не было

Расейскія войскі нанесьлі ўдар па Палтаўскай вобласьці

У ноч на 15 чэрвеня расейскія войскі ракетамі і баявымі дронамі нанесьлі інтэнсіўны ўдар па Палтаўскай вобласьці.

«Большасьць варожых цэляў зьнішчылі сілы і сродкі СПА. У Крамянчуцкай грамадзе пад удар трапілі аб’екты энэргетычнай і сельскагаспадарчай інфраструктуры, таксама былі пашкоджаныя прыватны жылы будынак, аўтамабіль лінія электраперадач», — паведаміў кіраўнік Палтаўскай абласной адміністрацыі Уладзімір Когут.

Неўзабаве мэр Крамянчука Віталь Малецкі ўдакладніў, што расейскія войскі атакавалі горад спачатку дзясяткамі ўдарных дронаў, а пасьля — ракетамі.

«Ёсьць пацэльваньні па аб’ектах інфраструктуры. Пашкоджаны прыватны будынак, лініі электраперадач», — дадаў Мэр Кармянчука.

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што ўначы нанесьлі «групавы удар» ракетамі і дронамі па нафтаперапрацоўчым заводзе ў Крамянчуку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Харкаве дзясяткі параненых, расейцы прасоўваюцца на Данеччыне, Украіна атакавала парахавы завод у Расеі

З пачатку чэрвеня Расея запусьціла па Ўкраіне амаль тры тысячы дронаў

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ад пачатку чэрвеня расейскія войскі запусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны 2800 ударных дронаў і 140 ракет, а ў ноч на 15 чэрвеня — 183 бесьпілётнікі і 11 ракет розных тыпаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея ўначы атакавала Кіеў і Адэсу. Пад ударам радзільня і хуткая дапамога. Ёсьць ахвяры

У Расеі заявілі аб украінскай атацы на Татарстан

Кіраўнік Татарстану Рустам Міньніханаў заявіў аб атацы Ўкраіны на аўтамабільны заводу ў Елабузе.

Паводле яго, у выніку падзеньня аскепкаў зьбітага дрону на будынак КПП аўтамабільнага заводу загінуў адзін чалавек і пацярпелі яшчэ 13, адзін зь іх у цяжкім стане.

Украінскія СМІ з спасылкай на свае крыніцы ў вайсковай выведцы Ўкраіны паведамілі, што раніцай 14 чэрвеня агенты Галоўнага ўпраўленьня выведкі Мінабароны Ўкраіны атакавалі ў Калінінградзе прамысловую электрападстанцыю, у выніку чаго без электраэнэргіі засталіся ў тым ліку і вайсковыя аб’екты расейскай арміі.

Улады Калінінграду нічога аб гэтым не паведамлялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як украінская апэрацыя «Павуціна» можа зьмяніць сучасную вайну

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.