У Адэсе ад расейскага ўдару бесьпілётнікамі загінулі два чалавекі, паведаміла абласная пракуратура, ня менш за дзевяць пацярпелі. Пашкоджаныя жылыя дамы, радзільня, станцыя хуткай мэдычнай дапамогі, прыватная клініка, спартовы комплекс, заапарк, чыгуначны вакзал, адэская кінастудыя а таксама прыватныя аўтамабілі.
Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер паведаміў, што цэлямі нападу былі радзільны дом, станцыя хуткай мэдычнай дапамогі і жылыя дамы. У радзільні пацярпелых няма, пацыенты і пэрсанал пасьпелі эвакуавацца.
Таксама разбураныя і пашкоджаныя жылыя дамы ў цэнтры гораду, дзе загінуў 59-гадовы мужчына. Цалкам зруйнаваны будынак станцыі хуткай дапамогі. Некаторыя машыны хуткай дапамогі пашкоджаныя. Сярод пэрсаналу ніхто не пацярпеў.
У выніку атакі дронамі і ракетамі на Кіеў загінула адна жанчына, а чатыры чалавекі пацярпелі. Удары былі нанесены па сямі зь дзесяці раёнаў украінскай сталіцы.
Па сталіцы Ўкраіны выпусьцілі больш за 300 дронаў і ракет.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што вораг «бесьперапынна тэрарызаваў Кіеў ударнымі дронамі, біў па цывільнай інфраструктуры, па мірных жыхарах гораду». Кіраўнік вайсковай гарадзкой адміністрацыі Цімур Ткачэнка дадаў, што ёсьць частковыя разбурэньні і ўзгараньні ў шматпавярховых і прыватных дамах, гарэлі аўтамабілі і складзкія памяшканьні.
У Галасееўскім раёне — разбурэньні ў бізнэс-цэнтры. У Абалонскім раёне гараць склады. У Саламянскім раёне абломкі дрона ўпалі на дах шматпавярховіку.
Пашкоджаньні атрымаў Сафійскі сабор.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны.
Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірнае насельніцтва і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня. Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
Над Расеяй і Крымам зьбілі 103 ўкраінскія дроны — Міністэрства абароны РФ
Паводле расейскага Міністэрства абароны, за ноч над расейскай і акупаванай тэрыторыяй былі зьбітыя 103 ўкраінскія дроны самалётнага тыпу. У тым ліку ў Маскоўскай, Ленінградзкай вобласьцях і нават у Татарстане, гэта больш як тысяча кілямэтраў ад украінскай мяжы.
- Белгарадзкая вобласьць — 20 бесьпілётнікаў
- Бранская вобласьць — 46
- Варонеская вобласьць — 9
- Калуская вобласьць — 4
- Курская вобласьць — 2
- Ленінградзкая вобласьць — 3
- Маскоўскі рэгіён — 3
- Арлоўская вобласьць — 2
- Рэспубліка Татарстан — 4
- Смаленская вобласьць — 1
- Крым — 9
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум