Расея зноў перадала Ўкраіне 1200 целаў. Сярод абмененых жывых палонных беларусаў не было

Падчас абмену, 14 чэрвеня 2025 году.

Украінскі каардынацыйны штаб па абыходжаньні з ваеннапалоннымі паведаміў пра чарговы этап абмену целамі загінулых вайскоўцаў з Расеяй. Кіеў атрымаў яшчэ 1200 цел, гаворыцца ў заяве.

У найбліжэйшы час украінскія сьледчыя правядуць экспэртызы для ўстанаўленьня асоб загінулых. Украіна падзякавала Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа за садзейнічаньне ў арганізацыі абмену.

Масква паведамленьне ўкраінскага каардынацыйнага штабу пакуль не камэнтавала. Крыніца ТАСС сьцьвярджае, што ўкраінскі бок сёньня не перадаў ніводнага цела.

Мінабароны Расеі таксама паведаміла, што Масква і Кіеў правялі сёньня абмен ваеннапалоннымі — чацьвёрты за апошні тыдзень. Расейскія вайскоўцы знаходзяцца на беларускай тэрыторыі.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацьвердзіў вяртаньне на радзіму палонных украінскіх вайскоўцаў. Па словах Зяленскага, сярод тых, хто вярнуўся, шмат тых, хто быў у палоне з 2022 году.

Колькасьць абмененых бакі не раскрылі. Паводле крыніц Радыё Свабода, беларусаў сярод абмененых вайскоўцаў не было.

Крыніцы расейскіх агенцтваў таксама паведамляюць, што Расея і Ўкраіна пачалі бестэрміновыя санітарныя абмены — бакі перадаюць адзін аднаму параненых і цяжка хворых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі адбыўся чарговы этап вялікага абмену паміж Украінай і Расеяй. Беларусаў сярод палонных не было

2 чэрвеня на перамовах у Стамбуле бакі дамовіліся аб абменах палоннымі і целамі загінулых. Расейскі бок заяўляў, што ў аднабаковым парадку перадасьць шэсьць тысяч цел украінскіх вайскоўцаў.

Першыя 1212 целаў былі дастаўлены да пункту абмену 7 чэрвеня. Расейскі бок тады заявіў, што Ўкраіна насуперак дамоўленасьцям ня стала іх прымаць. Украінскі бок адпрэчыў гэта, заявіўшы, што абмен першапачаткова плянаваўся пазьней. Празь некалькі дзён ён сапраўды адбыўся. Расея атрымала 27 целаў сваіх вайскоўцаў.

Аб атрыманьні яшчэ 1200 целаў Украіна аб’явіла ў пятніцу, 13 чэрвеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея перадала Ўкраіне яшчэ 1200 целаў