Расея перадала Ўкраіне яшчэ 1200 целаў. Пра гэта паведаміў украінскі Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі.
«Паводле сьцьвярджэньня расейскага боку, целы належаць грамадзянам Украіны, у прыватнасьці, вайскоўцам. Рэпатрыяцыя адбылася паводле дасягнутых у Стамбуле дамоўленасьцяў», — гаворыцца ў паведамленьні штабу.
Адзначаецца, што ўкраінскія сьледчыя сумесна з супрацоўнікамі экспэртных установаў МУС правядуць усе неабходныя экспэртызы і ідэнтыфікацыю целаў.
Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі звычайна ў сваіх паведамленьнях пазначае, на якім кірунку загінулі вайскоўцы, целы якіх былі перададзеныя Ўкраіне. У сёньняшнім прэс-рэлізе такой інфармацыі няма.
Расейскі бок пакуль не паведамляў пра абмен целамі.
У час другога раўнду беспасярэдніх перамоваў 2 чэрвеня ў Стамбуле Ўкраіна і Расея дамовіліся пра абмен ўсімі цяжка хворымі ваеннапалоннымі, целамі загінулых вайскоўцаў паводле формулы «6000 на 6000», а таксама асобамі ад 18 да 25 гадоў.
Дзявятага чэрвеня Ўкраіна і Расея абмяняліся вайскоўцамі ва ўзросьце да 25 гадоў. 10 чэрвеня, паведаміў Зяленскі, былі перададзеныя параненыя і цяжка параненыя вайскоўцы. Ніхто з бакоў не ўдакладніў колькасьці салдатаў. 11 чэрвеня ва Ўкраіну вярнулі целы 1212 загінулых вайскоўцаў, у Расею — 27, 12 чэрвеня бакі абмяняліся параненымі і хворымі вайскоўцамі.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум