У Харкаўскай гарадзкой радзе паведамілі, што ў ноч на 11 чэрвеня расейскія войскі атакавалі абласны цэнтар 17 ударнымі дронамі.
«Ёсьць пападаньні наўпрост у шматпавярховыя дамы, прыватныя будынкі, дзіцячыя пляцоўкі, прадпрыемствы і грамадзкі транспарт. Гараць кватэры, зьнішчаныя дахі, згарэлі аўтамабілі, разьбітыя шыбы», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Згодна з інфармацыяй паліцыі Харкаўскай вобласьці, у выніку абстрэлаў загінулі тры чалавекі, пацярпелі 60, у тым ліку 9 дзяцей.
У Херсонскай вобласьці ў выніку камбінаваных абстрэлаў з артылерыі, баявой авіяцыі і дронамі 5 чалавек атрымалі раненьні. Паводле абласных уладаў, расейскія вайскоўцы наўмысна цэлілі ў жылыя кварталы — пашкоджаньні атрымаў адзін шматпавярховы дом і 10 прыватных будынкаў.
Маштабы разбурэньняў ад расейскіх удараў ацэньваюць у двух раёнах Днепрапятроўскай вобласьці — Нікапальскім і Сінельнікаўскім. Папярэднія зьвесткі — загінулых і параненых няма, але шмат пашкоджаньняў у жылым сэктары і на тэрыторыі прыватнага прадпрыемства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея зноў атакавала Ўкраіну. Польшча падымала ў паветра баявую авіяцыю. Украінскія дроны даляцелі да ЧувашыіРасейскія войскі прасунуліся ў Данецкай вобласьці
Экспэрты ўкраінскай аналітычнай групы DeepStateUA паведамілі, што расейскія войскі прасунуліся каля Ябланоўкі, Багданаўкі, Дніпраэнэргіі й Белагораўкі Данецкай вобласьці.
Украінскі журналіст Юры Бутусаў, які цяпер служыць у войску, адзначыў, што да мяжы зь Днепрапятроўскай вобласьцю расейскім войскам засталося прайсьці 600 мэтраў.
У Генэральным штабе Ўзброеных сілаў Украіны пакуль не ўдакладняюць маштабы расейскага прасоўваньня. За апошнія 24 гадзіны, паводле Генэральнага штабу Ўкраіны, на фронце адбылося 220 баявых сутыкненьняў. Найбольш — 57 — на пакроўскім кірунку ў Данецкай вобласьці.
Паводле падлікаў украінскага боку, расейскія войскі нанесьлі па вайсковых пазыцыях і паселішчах Украіны чатыры ракетныя і 90 авіяўдараў, пры гэтым запушчана 3158 баявых дронаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расея ўначы атакавала Кіеў і Адэсу. Пад ударам радзільня і хуткая дапамога. Ёсьць ахвярыУ Расеі заявілі пра атаку Ўкраіны на парахавы завод
Улады Тамбоўскай вобласьці заявілі пра інтэнсіўны ўдар дронамі ў ноч на 11 чэрвеня. Паводле расейскіх Telegram-каналаў, у выніку ўдару загарэўся парахавы завод у Катоўску.
Выканаўца абавязкаў губэрнатара Тамбоўскай вобласьці Яўгеній Первышаў паведаміў, што ў выніку падзеньня аднаго зь зьбітых дронаў пачаўся пажар, яго патушылі. Паводле Первышава, ніхто не пацярпеў.
У той жа час Telegram-каналы з спасылкай на мясцовых жыхароў паведамілі, што ў небе над Катоўскам прагучала каля 10 выбухаў. Baza і Astra сьцьвярджаюць, што бесьпілётнікі атакавалі Тамбоўскі парахавы завод.
У выніку завод загарэўся, піша Astra. Пра тое, што на відэазапісе тэрыторыя побач з заводам, сьведчаць дзьве чырвона-белыя трубы, якія раней ня раз траплялі на фота парахавога заводу ў мясцовых СМІ.
У ноч на 29 траўня завод ужо атакавалі бесьпілётнікі. Тады загарэўся дах на адным з складаў. Пра атаку на гэтае прадпрыемства паведамлялі таксама і ў студзені.
Ва Ўкраіне новую атаку на прадпрыемства пакуль не камэнтуюць.
Тамбоўскі парахавы завод — адзін з найбольшых у Расеі вытворцаў пораху для стралецкай зброі і артылерыйскіх боепрыпасаў. Як паведамлялі расейскія СМІ, завод вырабляе больш за 200 відаў парахавой прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі, недалёка ад Беларусі, пасьля атакі дронаў гарыць нафтабаза; у Тамбове заявілі аб нападзе на парахавы заводВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.