Расея атакавала Чарнігаўшчыну і Харкаўшчыну. Загінулі прынамсі пяць чалавек, у тым ліку 1-гадовае дзіця

Пажар у выніку расейскай атакі на Прылукі 5 чэрвеня

Ва ўкраінскіх Прылуках на Чарнігаўшчыне ў выніку канцэнтраванага расейскага ўдару бесьпілётнікамі ўначы 5 чэрвеня загінулі пяць чалавек, у тым ліку аднагадовае дзіця, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Вячаслаў Чавус, перадае Ўкраінская служба Радыё Свабода.

«Сёньня ўночы вораг ударнымі дронамі (папярэдне — ня менш як 6 бесьпілётнікамі тыпу „Герань“) атакаваў места Прылукі. Ад выбухаў пацярпелі дамы ў жылой забудове. Папярэдне вядома пра пяцёх загінулых, зь іх — дзьве жанчыны і аднагадовае дзіця, якіх знайшлі пад заваламі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле зьвестак кіраўніка АВА, таксама ёсьць інфармацыя пра шасьцёх параненых, іх шпіталізавалі.

У Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў паведамілі, што ў выніку пападаньняў узьніклі маштабныя пажары ў жылым сэктары: зьнішчаныя два жылыя дамы, два гаражы, адна гаспадарчая пабудова і аўтамабіль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У выніку расейскай атакі па цэнтры гораду Сумы тры чалавекі загінулі, шмат параненых

Таксама расейскае войска ўначы 5 чэрвеня чарговы раз атакавала Харкаў, у выніку чаго ў Слабодзкім раёне гораду пацярпелі 17 чалавек, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле яго, сярод пацярпелых — цяжарная жанчына, дзеці і 93-гадовая жанчына.

Бесьпілётнікі пашкодзілі фасады шматпавярховікаў, кватэры, выбілі шыбы.

«Начная атака на Харкаў. Шэсьць варожых удараў, два зь іх — простыя пападаньні ў шматкватэрныя дамы. У адной з кватэраў аскепкі прабілі сьцены. Частка рухавіка „Шахеда“ апынулася проста ў калідоры. У той момант гаспадары былі дома — выратаваліся толькі таму, што спалі ў іншым пакоі. Цуд, што ўсе жывыя», — паведаміў гарадзкі кіраўнік Харкава Ігар Церахаў.

Ён падкрэсьліў, што «гэта ня ўдары па вайсковых аб’ектах, гэта мэтанакіраваны тэрор па жылых раёнах».

Расейскія вайскоўцы рэгулярна рознымі відамі ўзбраеньня — ударнымі бесьпілётнікамі, ракетамі, карэктаванымі авіяцыйнымі бомбамі, рэактыўнымі сыстэмамі залпавага агню — атакуюць украінскія рэгіёны.

Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як украінская апэрацыя «Павуціна» можа зьмяніць сучасную вайну

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зноў папярэдзіў, што Масква можа рыхтаваць напады зь Беларусі. Ён спаслаўся на выведку