Пачатак перамоваў у Стамбуле чакаецца 2 чэрвеня а 13 гадзіне.
Пазыцыя Кіева
Агенцтва Reuters публікуе дэталі мірных прапановаў Украіны, якія 2 чэрвеня ўкраінская дэлегацыя плянуе падаць на перамовах з Расеяй у Стамбуле.
Як гаворыцца ў публікацыі, дакумэнт, зь якім азнаёміліся журналісты, уключае пяць параграфаў:
«Ключавыя прынцыпы пагадненьня і працэсу перамоваў»,
«Наступны крок — узгадненьне спыненьня агню і парадку дня сустрэчы лідэраў»,
«Спыненьне агню»,
«Захады для ўмацаваньня даверу»,
«Сустрэча лідэраў».
У першым параграфе названыя прынцыпы перамоваў. У прыватнасьці, гэта поўнае і безумоўнае спыненьне агню ў паветры, на сушы і на моры прынамсі на 30 дзён. Чакаецца, што маніторынг выкананьня перамір’я будзе весьціся пад кіраўніцтвам ЗША пры ўдзеле трэціх краін.
У дакумэнце таксама ёсьць прапанова абмену палоннымі ў фармаце «ўсіх на ўсіх».
Акрамя таго, як сьцьвярджае Reuters, у тэксьце згадваецца адмова Кіева ад захаваньня нэўтралітэту і прадугледжваецца магчымасьць уступу Ўкраіны ў Эўразьвяз і NATO, адсутнасьць абмежаваньняў на колькасьць і разьмяшчэньне арміі, а таксама прысутнасьць на тэрыторыі краіны замежных войскаў. Супраць гэтых пазыцый, як вядома, выступае Расея.
Дакумэнт прапануе абмяркоўваць тэрытарыяльныя пытаньні толькі пасьля поўнага спыненьня агню. Міжнародная супольнасьць пры гэтым ня будзе прызнаваць расейскую юрысдыкцыю над страчанымі зь лютага 2014 году тэрыторыямі Ўкраіны.
Кіеў таксама дапускае паэтапнае зьняцьце з Расеі санкцыяў з магчымасьцю іх аднаўленьня і замарожваньне сувэрэнных расейскіх актываў да поўнай выплаты рэпарацыяў.
Сустрэча лідэраў дзьвюх краін называецца ўмовай для ўзгадненьня ключавых пунктаў канчатковага мірнага ўрэгуляваньня.
Пазыцыя Масквы
Масква не падавала праекту сваіх прапановаў, чакаецца, што яна агучыць праект непасрэдна за перамоўным сталом. МЗС Расеі сярод сваіх умоваў раней згадваў нэўтральны і пазаблёкавы статус Украіны, а таксама скасаваньне законаў, якія датычаць выкарыстаньня ва Ўкраіне расейскай мовы.
Акрамя таго, Расея настойвае на прызнаньні свайго кантролю над анэксаваным Крымам і занятымі расейскім войскам тэрыторыямі Данецкай, Луганскай, Херсонскай і Запароскай вобласьцяў.
Першы раўнд прайшоў 16 траўня, у яго выніку бакі правялі найбуйнейшы з пачатку вайны абмен палоннымі ў фармаце 1000 на 1000. Зрухаў да спыненьня баявых дзеяньняў на перамовах не было.
Перамовы расейскай і ўкраінскай дэлегацыяў прызначаныя на панядзелак 2 чэрвеня ў Стамбуле. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пацьвердзіў, што Кіеў прыме ўдзел у сустрэчы. Расейская дэлегацыя, паводле зьвестак ТАСС, у нядзелю вечарам прыбыла ў Турэччыну для ўдзелу ў сустрэчы.
Паводле інфармацыі агенцтва, сустрэча плянуецца ў 13:00 менскага часу ў палацы Чыраган.