Зяленскі заявіў, што Расея прапанавала Беларусь як месца для перамоваў, і патлумачыў, чаму гэта немагчыма

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Аднак для Ўкраіны гэта немагчыма, сказаў украінскі прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, якога цытуе Reuters.

Расейскую прапанову правесьці перамовы з Украінай у Беларусі Ўладзімір Зяленскі ацаніў як несур’ёзную ініцыятыву:

«Беларусь для нас сёньня — гэта краіна, з якой ляцелі ракеты, і адпаведна яна саюзьнік краіны, якая на нас напала. І войскі прыйшлі зь Беларусі. Гэта проста немагчыма наконт Беларусі», — сказаў Зяленскі, якога цытуе interfax.com.ua.

Уладзімір Зяленскі зноў выказаў гатоўнасьць асабіста сустрэцца з Уладзімірам Пуціным, калі рашэньне аб спыненьні агню можна абмеркаваць неадкладна без папярэдніх тэхнічных сустрэчаў.

«Калі Пуціну не падабаецца двухбаковая сустрэча, ці ўсе хочуць, каб гэта была трохбаковая сустрэча, — мне ўсё роўна. Я гатовы да любога фармату», — сказаў Зяленскі ў размове з журналістамі 27 траўня.

Паводле ягоных словаў, Украіна абмяркоўвае некалькі пляцовак для магчымых перамоваў аб спыненьні вайны, найбольш рэальныя зь якіх — Турэччына, Ватыкан і Швайцарыя. Ён адзначыў, што сустрэчу ў Ватыкане падтрымліваюць усе, акрамя расейскага боку.

Пазыцыю Ўладзімера Зяленскага падтрымала Сьвятлана Ціханоўская.

«Лукашэнка не нэўтральны гулец — ён саагрэсар у пуцінскай вайне», напісала яна.

І падкрэсьліла, што беларусы наадварот падтрымліваюць Украіну.

Перамовы Ўкраіны і Расеі ў Стамбуле 15 і 16 траўня не прывялі да спыненьня баёў. Больш за тое, у мінулыя выходныя Расея ўчыніла адзін з найбуйнейшых нападаў бесьпілётнікаў на Ўкраіну, паводле зьвестак украінскага боку.

Расейскія прадстаўнікі ў Стамбуле выставілі максымалісцкія патрабаваньні да Ўкраіны, у тым ліку запатрабавалі вывесьці ўкраінскія войскі з часткова акупаваных Расеяй рэгіёнаў. Гэтыя ўмовы адхіляюць Украіна і многія яе заходнія саюзьнікі.

Тым часам урад Нямеччыны пацьвердзіў, што прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі наведае Бэрлін у сераду 28 траўня для перамоваў з канцлерам Фрыдрыхам Мэрцам.

Паводле прэс-сакратара ўраду Штэфана Карнэліюса, візыт будзе прысьвечаны падтрымцы Нямеччынай Украіны і намаганьням дасягнуць спыненьня агню.

Карнэліюс кажа, што Зяленскага прымуць з вайсковымі ўшанаваньнямі ў канцылярыі Мэрца. Палітыкі правядуць перамовы, пасьля чаго адбудзецца рабочы абед і сумесная прэс-канфэрэнцыя.

Зяленскі таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі нямецкага бізнэсу, а затым адправіцца ў палац Бэльвю на сустрэчу з прэзыдэнтам Германіі Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

Гэта першы візыт Зяленскага ў Бэрлін з таго часу, як Мэрц стаў канцлерам.


​
XS
SM
MD
LG