Спэцапэрацыю «Павуціньне», накіраваную на стратэгічную авіяцыю Расеі, рыхтавалі больш за паўтара года, паведаміла 1 чэрвеня Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці крыніца ў Службе бясьпекі Ўкраіны, не ўпаўнаважаная публічна камэнтаваць пытаньне.
Па дадзеных крыніцы, ход апэрацыі кантраляваў асабіста прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, а ажыцьцяўляў кіраўнік СБУ Васіль Малюк і калектыў службы.
«Гэтая апэрацыя была звышскладанай з лягістычнага пункту гледжаньня. СБУ спачатку пераправіла ў Расею FPV-дроны, а пасьля — мабільныя драўляныя дамкі. Пазьней на тэрыторыі РФ робаты былі схаваныя пад дахі дамкоў, ужо разьмешчаных на грузавых аўтамабілях. У патрэбны момант дахі дамоў дыстанцыйна адчынілі, дроны паляцелі паражаць расейскія бамбавікі», — распавёў суразмоўца Радыё Свабода.
Па дадзеных крыніцы ў СБУ, удзельнікі спэцапэрацыі ўжо даўно знаходзяцца ва Ўкраіне, таму «калі пуцінскі рэжым паказальна затрымае кагосьці, то гэта будзе чарговай пастаноўкай для ўнутранай аўдыторыі».
Спачатку дроны былі схаваныя ў камплекты мабільных дамкоў. Фота СБУ.
У нядзелю, 1 чэрвеня, стала вядома, што Служба бясьпекі Ўкраіны праводзіць «маштабную» спэцапэрацыю «Павуціньне» па зьнішчэньні бамбавальнай авіяцыі ў тыле РФ. Паводле паведамленьняў, дроны СБУ адпрацоўваюць па самалётах, якія кожную ноч бамбуюць ўкраінскія гарады. Крыніца Радыё Свабода ўдакладніла, што вядома аб паражэньні больш 40 расейскіх самалётаў, у тым ліку А-50, Ту-95 і Ту-22 М3.
Пасьля крыніцы ў СБУ ўдакладнілі, што 1 чэрвеня спэцслужба адпрацавала адразу па чатырох вайсковых аэрадромах РФ. Як паведамляюць крыніцы, цяпер самалёты гараць на аэрадромах «Белая», «Дзягілева», «Аленья» і «Іванава».
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расіі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна падвяргаюцца абстрэлам і атакам бесьпілётнікаў. Міністэрства абароны Расеі дае справаздачу аб зьбітых ракетах і дронах над тэрыторыяй Расеі. Кіеў гэтыя паведамленьні пераважна не камэнтуе.