Як Свабодзе паведамілі ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць», Аляксея Ўладзімеравіча Чарнышова захапілі ў палон нядаўна, але падрабязнасьцяў не ўдакладнілі.
Да вайны Аляксей Чарнышоў жыў у Наваполацку. Згодна зь інфармацыяй украінскага боку, ягоная жонка Алена жыве або зарэгістраваная ў Віцебску.
Імя Чарнышова было ў раней апублікаваных украінскім праектам сьпісах грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі. Вядома, што ён нарадзіўся 19 лютага 1969 году, але адсутнічаюць зьвесткі аб тым, калі і зь якой вайсковай часткай Узброеных сіл Расеі Аляксей Чарнышоў падпісаў кантракт, і ў якой зоне баявых дзеяньняў трапіў у палон.
19 траўня беларускага грамадзяніна ўключылі таксама ў базу ўкраінскага цэнтру «Міратворац», у якой з 2014 году зьбіраюць інфармацыю пра асобаў, датычных да злачынстваў супраць Украіны.
«Вайсковы злачынец, замежны найміт-тэрарыст. Замах на сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Удзельнік расейска-беларускай агрэсіі супраць Украіны. Датычны да генацыду ўкраінскага народу шляхам вядзеньня баявых дзеяньняў супраць грамадзянскага насельніцтва, грамадзянскіх аб’ектаў і аб’ектаў інфраструктуры. Сьвядомае парушэньне дзяржаўнай мяжы Ўкраіны», — адзначаецца ў картачцы, заведзенай на Аляксея Чарнышова цэнтрам «Міратворац».
Згодна зь інфармацыяй кіраўніка выканаўчага дырэктара цэнтру «Міратворац» Рамана Зайцава (у мінулым супрацоўнік тэрытарыяльнага ўпраўленьня СБУ ў Луганскай вобласьці), цяпер у базе знаходзяцца 574 грамадзяніна Беларусі, якія ваююць або ваявалі на баку Расеі. Зь іх, паводле Рамана Зайцава, 170 беларусаў ужо загінулі.
У праекце «Хачу жыць» паведамілі, што ў палоне ва Ўкраіне знаходзіцца каля сотні грамадзян 27 краін, якія «з надзеяй чакаюць, што Расея іх абмяняе», але Расея не сьпяшаецца іх забіраць. У той жа час пакуль невядома, ці будуць яшчэ беларусы сярод палонных, якіх плянуюць перадаць 24 і 25 траўня.
За ўвесь час абменаў палоннымі Ўкраіна перадала Расеі шэсьць беларусаў, якія ваявалі на расейскім баку і былі захопленыя ў палон: у 2020 годзе перадалі Дзьмітрыя Новікава, у 2024-ым — Андрэя Герыловіча, Максіма Зязюльчыка і Максіма Запеку, у 2025-ым — Дзьмітра Ананчыка і Аляксея Чарнышова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ва Ўкраіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расеі: 96 зь іх загінулі, 7 — у палонеЦяпер ва ўкраінскім палоне застаюцца 8 грамадзян Беларусі:
- Іван Шабунька, нарадзіўся 17 траўня 1977 году, паходзіць з Мастоў Горадзенскай вобласьці. Падпісаў кантракт з расейскай арміяй 10 чэрвеня 2024 году.
- Сяргей Мірончык, нарадзіўся 22 ліпеня 1982 году, жыў у Санкт-Пецярбургу.
- Сяргей Шустаў , нарадзіўся 12 студзеня 1981 году. Як вынікала зь ягонага аповеду, яго сем разоў судзілі за крадзяжы, апошні раз ён, імаверна, сядзеў у Расеі, і яго забралі ў расейскае войска з калёніі. У палон беларус трапіў пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці празь сем дзён пасьля таго, як пачаў ваяваць.
- Андрэй Лапатнёў зь Віцебску меў праблемы з законам праз наркотыкі, і, каб унікнуць перасьледу, вырашыў зьехаць праз Расею ў Польшчу. У Маскве яго затрымалі і прымусілі падпісаць кантракт зь Міністэрствам абароны Расеі. 2 красавіка 2024 году ён падпісаў кантракт на службу ў 123-й мотастралковай брыгадзе і падаў заяву на расейскае грамадзянства. У пачатку сакавіка ён трапіў ва ўкраінскі палон таксама ў Данецкай вобласьці.
- Яўген Камянькоў з Бабруйску нарадзіўся 17 сакавіка 1999 году. Падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га. У Беларусі абвяшчалі яго вышук у ліпені 2022 году, пасьля таго, як ён разам з 13-гадовым падлеткам уцёк зь берасьцейскага Афанасьеўскага манастыра ў Расею.
- Артур Яфрэмаў паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, чатыры разы суджаны за крадзяжы. Апошні раз быў затрыманы ў Расеі. Трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году, імаверна, пад Купянскам Харкаўскай вобласьці.
- Міхаіл Шалгун родам з Ушацкага раёну Віцебскай вобласьці, ён нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году, ваяваў у штурмавым палку, служыў кантрактнікам у палявой частцы, прыпісанай да Каменкі Ленінградзкай вобласьці. Чатыры разы асуджаны за хуліганства, разбойны напад і крадзяжы. Да адпраўкі ва Ўкраіну праходзіў рыхтаваньне ў Белгарадзкай вобласьці. Абвестку аб яго пошуках апублікавалі сёлета ў лютым у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте»..
- Мікалай Жураўлёў нарадзіўся 27 траўня 1982 году. Ягонага імя бракуе ў раней апублікаваных сьпісах беларусаў, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны. Згодна з інфармацыяй беларускай ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Мікалай нарадзіўся пад Віцебскам. Пасьведчаньне аб нараджэньні яму выдалі ў Бабініцкім сельскім савеце, а пашпарт — у 1999 годзе ў Віцебскім РАЎС. Хутчэй за ўсё нежанаты, бо зьвесткі пра заключэньне шлюбу па стане на 2021 год у дакумэнтах адсутнічаюць. Мае сярэднеспэцыяльную адукацыю — у 2005 годзе скончыў ПТУ-57. Працаваў на розных будаўнічых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, на «Смаленскім рынку» у Віцебску. З 2011 па 2013 год быў беспрацоўным. У 2013 годзе працаваў у віцебскіх папраўнай калёніі № 3 і ў лячэбна-працоўным прафілякторыі № 4. З 2014 году значыцца зноў беспрацоўным. Ніякіх зьвестак пра ягоную актыўнасьць у Беларусі, пачынаючы з 2014 года, няма.
Сваякі яшчэ двух грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расеі, заявілі аб іхным зьнікненьні бязь вестак. Гэта Яўген Ільін і Андрэй Кулага. Яшчэ адзін беларус — Ігар Хасанаў, якога шукалі сваякі, пазьней знайшоўся з раненьнем у адным з шпіталяў у акупаванай частцы Луганскай вобласьці.
У перамовах Расеі і Ўкраіны аб абменах палоннымі ўдзельнічаюць дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ірына Касьцевіч і афіцэр КДБ, колішні супрацоўнік амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валер Сьцепановіч.
Пасьля пачатку ўкраінскімі войскамі курскай апэрацыі абмен палоннымі перанесьлі на тэрыторыю Беларусі.
23 траўня адбыўся парытэтны абмен 270 вайскоўцамі і 120 грамадзянскімі асобамі, якія знаходзіліся ў палоне Расеі і Ўкраіны.