Расейска-ўкраінскія перамовы ў Стамбуле заплянаваныя на 15 траўня, ці прыедзе на іх Уладзімір Пуцін, невядома.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі расказаў у інтэрвію газэце Liberation, што ў выпадку сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным зьбіраецца гаварыць з ім пра поўнае спыненьне агню і абмен усімі палоннымі.
«Калі я сустрэнуся зь ім, мы павінны выйсьці з палітычнай перамогай — спыненьнем агню, абменам усіх палонных на ўсіх палонных або чымсьці падобным», — заявіў Зяленскі.
Паводле яго, «расейцы ня будуць давяраць» украінцам, а ўкраінцы «ня будуць давяраць расейцам». Ён лічыць, што толькі пасярэднікі могуць гарантаваць захаваньне любых дамоўленасьцяў. У прыватнасьці, ён называе ЗША як магчымага гаранта мэханізму кантролю і лічыць, што прысутнасьць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа можа прымусіць Пуціна прыехаць у Стамбул 15 траўня:
«Калі Пуцін не прыедзе, гэта будзе выглядаць для яго як поўная параза».
На пытаньне аб магчымай працягласьці вайны Зяленскі адказаў:
«Ніхто ня ведае, як доўга ён [канфлікт] працягнецца. Але ня дзесяць гадоў. Украіна ня вытрымае... Гэта дорага каштуе ўсім, і ня толькі сябрам, але і ворагам».
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін раней прапанаваў правесьці беспасярэднія перамовы Расеі і Ўкраіны ў Стамбуле 15 траўня.
У адказ Зяленскі заявіў, што гатовы асабіста сустрэцца з Пуціным.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама заявіў аб гатоўнасьці далучыцца да мірных перамоваў у Турэччыне.
У Крамлі пакуль не раскрываюць складу расейскай дэлегацыі, якая мае ўдзельнічаць у перамовах.