Людзі хаваюць суседзяў у дварах, а дроны аблыталі горад павучыньнем. Што адбываецца ў прыфрантавым Пакроўску

Жанчына нясе свае рэчы, каб эвакуавацца з Пакроўску Данецкай вобласьці. 12 красавіка 2025 году

Расея паўгоду спрабуе захапіць Пакроўск Данецкай вобласьці, дзень за днём ператвараючы яго ў руіны, апавядае «Настоящее время».

Летась у канцы году расейскае войска ўсутыч падышло да Пакроўску на Данбасе. Але атачыць яго не змагло, а лабавыя штурмы выніку таксама не далі. Цяпер нападнікі выкарыстоўваюць тактыку захопу, даўно апрабаваную ў іншых месцах Украіны, — зраўняць горад зь зямлёй.

На ўскраінах гораду ўжо няма ніводнага ацалелага дому, у калісьці густанаселеных кварталах — ні душы. Спрэс разьбітыя і спаленыя аўтамабілі. У большасьці кватэраў тут жыць немагчыма, а на вуліцу выходзіць небясьпечна — пад нагамі неразарваныя снарады.

Нядаўна ў Пакроўску расейская ракета разбурыла кацельню, якая яшчэ ацяпляла палову гораду.

Новае ў апакаліптычным пэйзажы — павучыньне оптавалакна, якім аблытаны горад. Яго адносна нядаўна прыстасавалі для кіраваньня дронамі, каб яны пераадольвалі радыёэлектронную абарону. І цяпер оптавалакно паўсюль — на гаражах, слупах, дрэвах, у дварах. Кожны дзень кіраваныя праз гэтыя правады расейскія дроны, якія ўкраінскія салдаты называюць «шахедамі», атакуюць Пакроўск.

Украінскія дроны таксама на оптавалакне. Вайскоўцы 68-й брыгады паказваюць кадры з вышыні — як расейцы наступаюць малымі групамі, днём і ўначы.

«Апошнім часам тут іх вельмі шмат палегла, а яны ўсё лезуць далей. А сэнс? — кажуць украінскія вайскоўцы. — Колькі ён (Пуцін) хоча іх пакласьці, каб узяць адну пазыцыю? Бязглуздыя ў іх атакі!»

Абаронцы Пакроўску лічаць, што трохдзённае замірэньне, анансаванае Расеяй да 9 траўня, нападнікі скарыстаюць, каб перагрупавацца і сабраць новыя сілы для атак.

«Усё, што я цяпер бачу, не дае мне нават аднаго адсотку веры, што будзе нейкае спыненьне агню, нават на кароткі тэрмін, — кажа вайсковец Аляксандар. — І гэта будзе зроблена так, каб абвесьці нас вакол пальца, каб больш тэрыторыі сабе захапіць».

«Расейцы цалкам спыня́ць агонь дакладна ня будуць. Ня варта мець ілюзій і фантазіяваць, — адзначае ягоны саслужывец Руслан. — Нават калі тут сьціхне, яны будуць тэрарызаваць мірных жыхароў ракетамі, балістыкай, „шахедамі“. Вы ж бачыце, што адбываецца — яны запускаюць больш за сотню „шахедаў“ за ноч».

Пакроўск на мапе фронту

Тыя нешматлікія жыхары Пакроўску, што засталіся ў горадзе, рэдка выходзяць на вуліцу, каб ня трапіць пад абстрэл. Памерлых хаваюць проста ў дварах, бо няма як адвезьці цела на могілкі. Валянціна пахавала гэтак сваю суседку. Дата сьмерці на кардонным крыжы — 25 сьнежня, Раство.

«Яна памерла ад хваробы, разумееце? Куды яе было хаваць? Мы нікому не патрэбныя», — кажа яна.

Магіла ў двары ў Пакроўску

3 траўня прадстаўнік украінскай брыгады, якая абараняе Пакроўск, паведаміў амэрыканскаму Інстытуту вывучэньня вайны, што расейскія войскі спрабуюць прасунуцца да горада Дніпра перад 9 траўня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Масквы заявілі пра атаку дронаў, у аэрапорце спынялі рух самалётаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія вайскоўцы зьбілі расейскі самалёт Су-30 з морскага дрона