Сьцьвярджаецца, што гэта першы ў сьвеце такі выпадак.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны (ГУР) заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы 2 траўня зьбілі расейскі зьнішчальнік Су-30 з морскага безэкіпажнага катэра «Магура», на якім была зэнітная ўстаноўка. Сьцьвярджаюць, што гэта адбылося ў акваторыі Чорнага мора непадалёк ад порту ў Новарасійску, дзе базуецца расейскі Чарнаморскі флёт.
У ноч на 3 траўня ўкраінскія вайскоўцы наносілі ўдары па аб’ектах на ўзьбярэжжы Краснадарскага краю з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў і безэкіпажных катэраў, а расейская вайсковая авіяцыя ўдзельнічала ў адбіцьці атакі.
Відэа, на якім, як паведамляецца, бачнае паражэньне расейскага самалёта, апублікавана ў тэлеграм-канале ведамства. Зьбіты самалёт ацэньваецца ў 50 мільёнаў даляраў, дадаюць у ГУР Украіны.
«Гэта першае ў сьвеце зьнішчэньне баявога самалёта морскім дронам», — гаворыцца ў паведамленьні. Аднак гэта ня першы зьбіты такім чынам лётны апарат: у ГУР нагадалі, што 31 сьнежня 2024 года ўкраінская выведка заяўляла аб зьнішчэньні двух расейскіх верталётаў Мі-8 з выкарыстаньнем морскага дрона (безэкіпажнага катэра). Расейскія неафіцыйныя крыніцы тады паведамлялі пра адзін зьбіты верталёт.
Міністэрства абароны Расеі не камэнтавала паведамленьня ГУР Украіны. Аднак расейскія праваенныя тэлеграм-каналы прызналі факт страты Су-30 і тое, што ён зьбіты морскім дронам.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў вечаровым відэазвароце 3 траўня заявіў, што пры атацы на абʼекты ў анэксаваным Крыме ўкраінскія вайскоўцы зьнішчылі яшчэ адзін расейскі самалёт. Незалежных пацьверджаньняў гэтаму пакуль няма.