Ці адкрыюць перамовы ў Парыжы новы шлях да міру ва Ўкраіне. Аналіз Свабоды

Міністар замежных справаў Францыі Жан-Наэль Баро (зьлева), міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі (у цэнтры) і дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё ў Парыжы, 17 красавіка 2025 году

Новых дамоўленасьцяў аб Украіне бакі не абвяшчалі. Але дамовіліся, што на наступным тыдні ў Лёндане пройдуць перамовы ў новым фармаце: Эўропа, Украіна і ЗША.

Яшчэ нядаўна гаварылі пра магчымае спыненьне агню ва Ўкраіне да Вялікадня. Гэтага не адбылося, але, магчыма, у дыпляматычных намаганьнях быў дасягнуты пэўны прагрэс для суцяшэньня сэрцаў у гэтыя выходныя, піша журналіст Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рэй Фурлонг.

Розгалас, які ішоў з Парыжу пасьля перамоваў на высокім узроўні паміж ключавымі эўрапейскімі краінамі, Украінай і Злучанымі Штатамі, быў незвычайна пазытыўным.

Гэта была першая сустрэча паміж імі ў такім фармаце, а прыкметы шмат у чым былі нядобрымі.

На намаганьні ЗША прымусіць Расею пагадзіцца на любое спыненьне агню Масква адказала расплывістымі словамі і ўзмацненьнем бамбаваньняў.

Спэцыяльны прадстаўнік ЗША Стыў Уіткаф заявіў, што пасьля ягонай трэцяй сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным 11 красавіка «вырысоўваецца» ўгода, намякаючы, што Ўкраіна павінна пайсьці на вялікія тэрытарыяльныя саступкі Расеі.

У Кіеве прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвінаваціў Уіткафа ў «пашырэньні расейскіх наратываў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп «да канца тыдня» чакае ад Масквы адказу наконт спыненьня агню ва Ўкраіне

Калі ласка, ніякіх камэраў

У Парыжы было апублікаванае 45-сэкундавае відэа, на якім Эманюэль Бон, старшы дарадца прэзыдэнта Францыі, відавочна просіць Уіткафа пачаць пасяджэньне з пытаньняў яму, перш чым ахова выставіла апэратарскую каманду.

Выглядала, што яны хацелі выгнаць камэры, перш чым ён што-небудзь скажа.

«Абсалютна ясна, што большасьць эўрапейскіх лідэраў, у тым ліку [прэзыдэнт Францыі Эманюэль] Макрон, катэгарычна супраць усіх зробленых прапановаў, асабліва Стыва Ўіткафа», — сказаў Радыё Свабода францускі палітычны аналітык Нікаля Тэнцэр.

Але Тэнцэр, які старшынюе ў парыскім аналітычным Цэнтры дасьледаваньняў палітычных рашэньняў (CERAP), дадаў, што сустрэча як такая была прыкметай прагрэсу.

«Цяпер яны разумеюць, што ня змогуць дамовіцца без эўрапейцаў», — сказаў ён.

Новых дамоўленасьцяў аб Украіне бакі не абвяшчалі. Але дамовіліся, што на наступным тыдні ў Лёндане пройдуць перамовы ў новым фармаце: Эўропа, Украіна і ЗША. Здаецца, гэта важная падзея.

Міністры замежных справаў сустракаюцца ў Парыжы. 17 красавіка 2025 году

Месца за сталом

На перамовах у Парыжы быў і пасланьнік ЗША Кіт Келаг, які ў лютым у Мюнхэне заявіў, што Эўропе ня будзе месца за сталом перамоваў аб будучыні Ўкраіны. Самога Келага з тых часоў на ключавых сустрэчах пераважна не было.

«„Э-тры“ сядзяць за сталом, і мы робім гэта з эўрапейскай амбіцыяй», — сказаў францускі дыплямат, маючы на ўвазе супольнасьць у складзе Вялікай Брытаніі, Францыі і Нямеччыну разам.

Аліна Палякова, старшыня Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (CEPA) у Вашынгтоне, таксама сказала, што сустрэча сьведчыць аб шуканьні Вашынгтонам падтрымкі ад Эўропы.

«Яны зразумелі, што патрэбны эўрапейскі ўнёсак, бо Эўропа мае свае стаўкі ў гэтай гульні», — сказала яна.

«Ідзецца ня толькі пра кавалак украінскай тэрыторыі. Ідзецца пра шырэйшыя пытаньні эўрапейскай бясьпекі, і іх нельга аддзяліць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля перамоваў у Парыжы Рубіё патэлефанаваў Лаўрову

Дыпляматычныя падзеі ў іншых месцах

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сустракаецца з прэм’ер-міністаркай Італіі Джорджай Мэлёні ў Авальным кабінэце Белага дому. 17 красавіка 2025 году

Пакуль лідэры збіраліся ў Парыжы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прымаў у Белым доме прэм’ер-міністарку Італіі Джорджу Мэлёні.

Ён сказаў, што бліжэйшымі днямі могуць адбыцца дзьве іншыя падзеі: пагадненьне з Украінай аб наданьні Злучаным Штатам доступу да яе рэдказямельных мінэралаў і адказ Расеі на магчымае спыненьне агню ва Ўкраіне.

У абодвух выпадках ранейшыя аптымістычныя заявы афіцыйных асобаў ЗША не прынесьлі плёну.

Але пэрспэктыва новага дыпляматычнага мэханізму з удзелам Эўропы, Украіны і Злучаных Штатаў сапраўды новая. Пытаньне цяпер у тым, ці стане абвешчаная на наступны тыдзень сустрэча ў Лёндане пачаткам новага плённага дыпляматычнага працэсу — ці проста чарговым тупіком.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пра перамовы з Расеяй: ніякіх рашэньняў і дамоўленасьцяў, «пакуль ня скончыцца бойня»

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.