У Харкаве колькасьць пацярпелых ад расейскага ракетнага ўдару раніцай 18 красавіка вырасла амаль да 100, паведамілі мясцовыя ўлады.
Паводле апошніх зьвестак, пасьля ўдараў Расеі па Харкаву 98 чалавек атрымалі раненьні, адзін мужчына загінуў ва ўласнай кватэры, паведаміў мэр гораду Ігар Церахаў. Сярод пацярпелых таксама шасьцёра дзяцей, чацьвёра параненых — у цяжкім стане ў бальніцы.
Паводле Церахава, у адным зь месцаў расейскіх удараў у мікрараёне выбіла ўсе вокны, «у шматлікіх кватэрах — суцэльныя руіны». Пацярпелі 21 шматкватэрны дом, дзьве школы, два дзіцячыя садкі і цэнтар дзіцячай творчасьці. У другой лякацыі гарэў цэх завода, аскепкамі і выбуховай хваляй закранула больш як 40 дамоў. Агулам у выніку расейскіх удараў выбіла больш за 5 тысяч вокнаў.
Расейскія войскі выпусьцілі па Харкаве крылатую ракету з аскепкава-фугаснай баявой часткай з комплексу «Іскандэр», яна ўзарвалася ў паветры над дзіцячай пляцоўкай, паведаміў прадстаўнік Нацыянальнай паліцыі ў Харкаўскай вобласьці Сяргей Болвінаў. Паводле яго, агулам расейцы ўдарылі па Харкаве трыма такімі ракеты з комплексу «Іскандэр-К».
Таксама Болвінаў удакладніў, што ў выніку ўдару загінуў 79-гадовы пэнсіянэр. У 92 пацярпелых — выбуховыя траўмы, парэзы ад аскепкаў і шок.
Паводле начальніка ўпраўленьня супрацьдзеяньня злачынствам, учыненым ва ўмовах узброенага канфлікту Спартака Барысенкі, у выніку абстрэлу пацярпелі больш за 50 шматкватэрных жылых дамоў, больш за 30 аўтамабіляў.
Расейскія вайскоўцы рэгулярна з розных відаў узбраеньня атакуюць украінскія рэгіёны. Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейскае войска падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расеі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.
У ААН змаглі пацьвердзіць, што з пачатку году ва Ўкраіне загінулі 413 цывільных асобаў, а больш за 2000 параненыя. У першыя тры месяцы 2025 году ахвяраў пабольшала на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась.