Бесьпілётнікі зноў атакавалі авіябазу «Энгельс-2» у Расеі, дзе базуюцца стратэгічныя бамбавікі

Наступствы аднаго з папярэдніх удараў па аэрапорце Энгельсу

Саратаўскую вобласьць Расеі атакавалі бесьпілётнікамі, у горадзе Энгельс пашкоджаны будынак лякарні, адзін чалавек пацярпеў.

Пра наступствы атакі паведаміў губэрнатар вобласьці Раман Бусаргін.

Украінскія СМІ, грунтуючыся на зьвестках геалякацыі, пішуць, што ўдар нанесены па складзе вайсковага аэрадрому Энгельс-2.

Тэлеграм-канал ASTRA з спасылкай на мясцовыя старонкі паведамляе, што ў Энгельсе магла пачацца эвакуацыя жыхароў дамоў, прылеглых да авіябазы.

«Абласныя ці гарадзкія ўлады пра гэта не паведамлялі. Раней губэрнатар гаварыў, што школьнікі ў Энгельсе сёньня будуць вучыцца дыстанцыйна. Раніцай жыхары ўбачылі моцнае задымленьне ў мікрараёне „3-га лётнага мястэчка“ ў Энгельсе пасьля сэрыі атак БПЛА. Мікрараён прыкладна за 10 кілямэтраў ад вайсковага лётнішча Энгельс-2», — гаворыцца ў паведамленьні.

Гукі выбухаў пасьля атакі бесьпілётнікаў чулі і жыхары Саратава. «Расавіяцыя» паведаміла аб часовым прыпыненьні працы аэрапортаў Саратава і Самары.

Міністэрства абароны Расеі сьцьвярджае, што над Саратаўскай вобласьцю былі зьнішчаныя 54 украінскія бесьпілётнікі, а ўсяго па Расеі і акупаваным ёй Крыме нанесьлі ўдары 132 БПЛА.

Што тычыцца гораду Энгельс, то ён неаднаразова станавіўся аб’ектам нападаў украінскіх бесьпілётнікаў. Побач з горадам месьціцца расейская авіябаза «Энгельс-2», зь якой узьлятаюць і наносяць удары па тэрыторыі Ўкраіны стратэгічныя бамбавікі.

У студзені 2025 году авіябазу «Энгельс-2» у Расеі, дзе базуюцца стратэгічныя бамбавікі, аткавалі некалькі разоў, некалькі дзён там гарэла сховішча паліва для самалётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У расейскіх Энгельсе і Казані пажары пасьля атак дронаў. У школах уводзяць дыстанцыйныя заняткі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ва ўкраінскім Крапіўніцкім пасьля расейскай атакі параненыя восем чалавек