У расейскіх Энгельсе і Казані пажары пасьля атак дронаў. У школах уводзяць дыстанцыйныя заняткі

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Раніцай 14 студзеня ўкраінскія бесьпілётнікі правялі атакі на аб'екты ВПК горада Энгельс Саратаўскай вобласьці і сталіцы Рэспублікі Татарстан Казань.

Мясцовыя жыхары і тэлеграм-каналы паведамлялі аб буйным пажары ў раёне заводу «Казань Оргсинтез», які вырабляе плястык высокай трываласьці. Завод разьмешчаны на паўночнай ускраіне Казані.

Тэлеграм-каналы Mash і Baza пішуць, што ўкраінскія бесьпілётнікі толькі «паспрабавалі атакаваць» завод, на тэрыторыю якога ўпалі абломкі, публікуючы пры гэтым відэа моцнага пажару.

Улады Татарстану сьцьвярджаюць, што ў выніку налёту ўкраінскіх дронаў у прыгарадзе Казані загарэлася газавая цыстэрна, якую ўжо патушылі. Ад здарэньня ніхто не пацярпеў, гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы кіраўніка Татарстану.

У аэрапорце Казані ўвялі часовыя абмежаваньні на працу. «Росавиация» абмежавала палёты ў аэрапортах Пензы, Ульянаўска, Калугі, Тамбова і Саратава.

У Энгельсе Саратаўскай вобласьці ўкраінскія бесьпілётнікі атакавалі прамысловы аб’ект. Пры гэтым толькі напярэдадні ў гэтым горадзе здолелі патушыць нафтабазу стратэгічнай авіяцыі, якая гарэла шэсьць дзён. Зь некаторых паведамленьняў вынікае, што ўдар нанесены акурат па той самай базе.

У Энгельсе і Саратаве ў сувязі з атакамі дронаў заняткі пераводзяць на дыстанцыйны рэжым.

Увечары 13 студзеня бесьпілётнікі атакавалі Бранскую вобласьць. Геалякацыя відэа выбухаў у Бранскай вобласьці пацьвярджае, што мэтай украінскага ўдару мог быць ня толькі склад боепрыпасаў пад Бранскам, але і завод па вытворчасьці выбуховых рэчываў у горадзе Сяльцо. Раней на Бранскі хімічны завод імя 50-годзьдзя СССР ужо быў напад.

​
XS
SM
MD
LG