Пуцін правёў нараду з начальнікам Генэральнага штабу расейскіх войскаў Валерыем Герасімавым і камандаваньнем войска ў рэгіёне.
Як піша Расейская служба Радыё Свабода, Пуцін упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны з Украінай прыехаў апранутым у вайсковую камуфляжную форму бяз знакаў адрозьненьня.
Герасімаў рапартаваў яму, што спробы УСУ прарвацца да Курску і далей на расейскую тэрыторыю былі спыненыя, украінскае войска нібыта панесла вялікія страты. Ён таксама заявіў, што на гэты момант расейскія войскі ўзялі пад кантроль 86% плошчы, якую ў Курскай вобласьці кантралявалі УСУ, а ўкраінскія вайскоўцы нібыта здаюцца ў палон.
Валерый Герасімаў і Ўладзімір Пуцін. 12 сакавіка 2025 году
Пуцін заявіў, што перад войскамі стаіць задача ў найкарацейшыя тэрміны «канчаткова разграміць» украінскія войскі і стварыць зону бясьпекі ўздоўж мяжы з Украінай.
Пуцін сказаў, што да байцоў УСУ на тэрыторыі Расеі трэба ставіцца як да тэрарыстаў і судзіць паводле адпаведнага артыкулу. Ён заявіў, што «замежныя найміты», якія ваююць на баку УСУ, не падпадаюць пад дзеяньне Жэнэўскай канвэнцыі аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі.
Блогеры, якія паглядзелі відэазапіс нарады, адзначылі яе нізкую якасьць: яна складаецца з шматлікіх мантажных склеек, а гаворка Герасімава і Пуціна не супадае з рухамі іхных вуснаў. «Відаць, у Крамлі вельмі сьпяшаліся з публікацыяй», — адзначае тэлеграм-канал Faridaily.
У апошнія некалькі дзён паведамлялі аб прасоўваньні расейскіх войскаў у памежных раёнах Курскай вобласьці, якія летам мінулага году перайшлі пад кантроль УСУ. Расейскія праваенныя каналы публікуюць фатаграфіі й відэа з расейскімі вайскоўцамі ў цэнтры гораду Суджа Курскай вобласьці.
Украіна пачала наступ у Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году. Кіеў заяўляў, што курская апэрацыя мела мэтай атрымаць перавагу і тэрыторыю для абмену на будучых мірных перамовах і прымусіць Расею адцягнуць войскі ад яе наступу на ўсходзе Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Расеі заявілі, што вярнулі пад кантроль Суджу ў Курскай вобласьці. У Кіеве не камэнтуюцьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.