Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) прыйшлі да высновы, што расейскія войскі змаглі аднавіць кантроль над горадам Суджа ў Курскай вобласьці Расеі і прасунуліся яшчэ на паўночны захад ад гэтага паселішча.
Як адзначаецца ў справаздачы за 12 сакавіка, пра гэта сьведчаць апублікаваныя відэазапісы, па якіх можна вызначыць геалякацыю.
Экспэрты, спасылаючыся на ўкраінскую крыніцу ў вайсковай выведцы, сьцьвярджаюць, што пачаўся вывад украінскіх войскаў з Суджы.
За дзень да гэтага ў Інстытуце вывучэньня вайны пацьвердзілі, што расейскія войскі пачалі прасоўваньне ў Курскай вобласьці і наступ на Суджу.
12 сакавіка Расейская служба Радыё Свабода зьвярнула ўвагу на тое, што мясцовыя праваенныя каналы пачалі публікаваць здымкі і відэазапісы з расейскімі вайскоўцамі ў цэнтры Суджы.
Раніцай 13 сакавіка ў Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што за апошнія 24 гадзіны ў апэрацыйнай зоне Курскай вобласьці ўкраінскія падразьдзелы адбілі 17 расейскіх атак, пры гэтым адбываліся артылерыйскія і авіяабстрэлы ўкраінскіх пазыцый.
Удзень 13 сакавіка ў Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што вярнулі пад кантроль тры паселішчы ў Курскай вобласьці — Мелавы, Падол і Суджу.
Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі заявіў, што ў ваколіцах Суджы і каля яе працягваюцца актыўныя баявыя дзеяньні, украінскія вайскоўцы будуць «трымаць абарону на Куршчыне столькі, колькі гэта будзе мэтазгодна і неабходна».
Увечары 12 сакавіка ў Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны заявілі, што інфармацыя аб устанаўленьні расейскімі войскамі кантролю над Суджай не адпавядае рэчаіснасьці.
Выведка Вялікай Брытаніі 10 сакавіка паведамляла аб росьце ціску расейскіх войскаў на ўкраінскія сілы ў Курскай вобласьці з захаду, поўначы і ўсходу. Імаверна, украінскае войска захоўвае кантроль над тэрыторыяй у прыблізна 300 квадратных кілямэтраў.
- Украінскія вайскоўцы пачалі наступ у Курскай вобласьці ў жніўні 2024 году і ўстанавілі кантроль над часткай тэрыторыі вобласьці Расеі, захапіўшы сярод іншых паселішчаў горад Суджа, адміністрацыйны цэнтар Суджанскага раёну. Да пачатку баявых дзеяньняў у гэтым горадзе жылі каля 5 тысяч чалавек.
- Кіеў тады заяўляў, што Курская апэрацыя ставіла за мэту атрымаць перавагу і тэрыторыю для абмену на будучых мірных перамовах і прымусіць Расею адцягнуць войскі ад яе наступу на ўсходзе Ўкраіны. Падобна, цяперашняе выцісканьне ўкраінскіх войскаў з Курскай вобласьці напярэдадні перамоваў у Саудаўскай Арабіі можа быць часткай стратэгіі Масквы.
- За сем месяцаў, якія прайшлі з пачатку Курскай апэрацыі УСУ, расейскія вайскоўцы вярнулі кантроль над большай часткай тэрыторыяў, спачатку захопленых украінскімі вайскоўцамі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум