Яўген Ільін — грамадзянін Беларусі, Міхаіл Шалгун паходзіць зь Беларусі, але ягонага грамадзянства пакуль не ўдалося высьветліць.
Сваякі шукаюць грамадзяніна Беларусі Яўгена Ільіна, які служыў па кантракце ў расейскай арміі і ваяваў у Харкаўскай вобласьці.
Як Свабодзе паведамілі ў праекце «Не жди меня из Украины» са спасылкай на сястру беларуса Крысьціну Мірановіч, Яўген Ільін нарадзіўся 6 сьнежня 1998 году ў Леплі Віцебскай вобласьці і ваяваў пад пазыўным «Легіянэр» у вайсковай частцы 52067.
«Апошні раз сувязь зь ім была 4 студзеня 2025 году, з 15 студзеня лічыцца зьніклым бязь вестак. Калі тэлефанавалі камандзіру, сказалі, што ён пайшоў на баявое заданьне пад Ваўчанскам (Харкаўская вобласьць. — РС)», — сказала сястра Яўгена Ільіна.
У групе, створанай у расейскай сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у канцы лютага зьявілася абвестка аб зьнікненьні бязь вестак яшчэ аднаго беларуса — Міхаіла Уладзімеравіча Шалгуна, які нарадзіўся 10 сакавіка 1974 году і ваяваў у штармавым палку.
«Не выходзіць на сувязь з 29 студзеня 2025 году. [...] Беларус. [...] Ішоў з Каменкі (дзе дысьлякуецца вайсковая частка 02511. — РС), пісаў, што едуць у Маркаўку, знаходзіліся ў Белгарадзкай вобласьці, потым на тэрыторыі Ўкраіны былі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Вайсковая частка 52067 — гэта палявая частка, якая падпарадкоўваецца вайсковай частцы 02511, што дысьлякуецца ў пасёлку Каменка Ленінградзкай вобласьці (гэта 138-я асобная гвардзейская мотастралковая брыгада). У яе складзе дзейнічаюць шэсьць палявых частак, у тым ліку 52033, у якой служыў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі Ігар Хасанаў, які таксама прапаў.
Расейскія вайскоўцы з часткі 02511 ваююць ва Ўкраіне ад пачатку расейскага ўварваньня ў Данецкую вобласьць, якое адбылося ў 2014 годзе. Апроч таго, фармаваньні гэтай часткі ваявалі ў Прыднястроўі, у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а таксама ўдзельнічалі ў ваеннай апэрацыі ў Сырыі.
Згодна са статыстыкай, у групу, створаную ў траўні 2024 году для дапамогі сваякам вайскоўцаў, якія служылі ў палявых фармаваньнях вайсковай часткі 02511, напісалі 34 352 паведамленьні, у тым ліку 640 — за апошні тыдзень.