Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін Беларусі, які ваяваў за Расею, ня можа звольніцца з расейскай арміі па заканчэньні кантракту

Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайскоўцы. Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі паскардзіўся, што ня можа атрымаць і расейскія выплаты за раненьне ў вайне з Украінай.

Грамадзянін Беларусі, які ваяваў у складзе расейскай арміі на тэрыторыі Ўкраіны і атрымаў раненьні, заявіў, што яго зноў хочуць адправіць на фронт, нягледзячы на заканчэньне кантракту і тое, што лекары яго прызналі «ня годным для службы ў войску».

«Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, падпісаў кантракт зь Міністэрствам абароны год таму. Па заканчэньні кантракту яны ня хочуць мяне звальняць», — сказаў грамадзянін Беларусі ў відэазапісе, распаўсюджаным у Telegram-канале «НЕ ЖДИ меня из Украины».

Паводле яго, пасьля накіраваньня рапарту ў вайсковую частку яго спрабуюць «гвалтоўна зацягнуць і адправіць у зону СВА» [у Расеі вайну ва Ўкраіне называюць «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй»].

Беларус назваў гэтыя дзеяньні незаконнымі, паколькі ў яго ў часе лячэньня пасьля раненьня дыягнаставалі гепатыт С.

Як вынікае з апублікаванай даведкі (у ёй прозьвішча прыхавана. — РС), беларускі кантрактнік служыў у 255-м мотастралковым палку (вайсковая частка 13766, Валгаградзкая вобласьць). У 2024 годзе ён трапіў у лякарню з раненьнямі таза і сьцёгнаў. Па выніках мэдычнага агляду яго прызналі часова ня годным для службы ў войску і рэкамэндавалі адпачынак 45 дзён.

Грамадзянін Беларусі таксама сьцьвярджае, што ён не атрымаў выплаты за раненьне.

«Усе спасылаюцца на (вайсковую) частку, а ў частцы ніхто нічога ня робіць. Яны нават на атэстацыі, гэта вайсковая частка 13766, Валгаград, гвалтоўна адпраўляюць назад, надзяваюць кайданкі і адпраўляюць у Данецк. Там усё беспакарана і бязьдзейнічае камандаваньне», — паведаміў ён.

«Цяпер яны шукаюць мяне, спрабуюць адправіць у Данецк. Шукаюць і пагражаюць», — заявіў беларускі кантрактнік расейскай арміі.

Грамадзяне Беларусі з 2014 году ваююць як на баку Ўкраіны, так і на баку Расеі.

За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёны шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 20 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Вядома, што як мінімум два беларускія добраахвотнікі — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія разам з украінцамі ваявалі супраць агрэсіі Расеі, цяпер знаходзяцца ў расейскім палоне. Аб іхным лёсе невядома з чэрвеня 2022 году. У акупаваным Расеяй Данецку Яна Дзюрбейку завочна асудзілі на 14 гадоў зьняволеньня. Іх няма сярод тых, каго Расея перадала Ўкраіне.

Ва ўкраінскі палон трапілі, як мінімум, шэсьць грамадзян Беларусі — раней Украіна перадала Расеі Максіма Запеку, Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча, і яшчэ тры атрымалі статус ваеннапалонных нядаўна: Яўген Камянькоў (падпісаў кантракт з Узброенымі сіламі Расеі ў канцы красавіка 2024 году, знаходзячыся ў расейскім «спэцпрыёмніку», трапіў ва ўкраінскі палон вясной 2024-га), Артур Яфрэмаў (паходзіць з Касьцюковічаў Магілёўскай вобласьці, трапіў ва ўкраінскі палон у сьнежні 2024 году) і Дзьмітры Ананчык (падпісаў кантракт з расейскай арміяй у сьнежні 2024-га і амаль адразу пасьля гэтага трапіў ва ўкраінскі палон).

Агульная колькасьць грамадзян, якія ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, дакладна не вядомая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG