Лідэры ЭЗ 6 сакавіка зьбіраюцца на спэцыяльны саміт, каб абмеркаваць працяг падтрымкі Ўкраіны і эўрапейскай абароны.
Сярод іншага лідэры ЭЗ абмяркуюць эўрапейскі ўклад у гарантыі бясьпекі, неабходныя для забесьпячэньня працяглага міру ва Ўкраіне.
На фоне паўзы ў адносінах паміж ЗША і Ўкраінай Эўрапейская рада пацьвярджае сваю пастаянную і цьвёрдую падтрымку незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны ў межах яе міжнародна прызнаных межаў. Пра гэта гаворыцца ў чарнавіку заявы саміту Эўразьвязу — тэкст дакумэнту апынуўся ў распараджэньні рэдакцыі Радыё Свабода.
У сувязі з «новым імпульсам для перамоваў», якія павінны прывесьці да ўсёабдымнага, справядлівага і працяглага міру, ЭЗ падкрэсьлівае важнасьць таго, што спыненьне агню можа адбыцца «толькі як частка працэсу, які вядзе да ўсёабдымнага мірнага пагадненьня, а любая такая дамова павінна суправаджацца надзейнымі гарантыямі бясьпекі для Ўкраіны, якія будуць спрыяць стрыманьню будучай расейскай агрэсіі; мір павінен грунтавацца на павазе да незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны».
У дакумэнце таксама адзначаецца, што ня можа быць ніякіх перамоваў аб Украіне без Украіны і Эўропы.
«Для дасягненьня міру празь сілу трэба, каб Украіна была ў наймацнейшай пазыцыі з уласным магутным вайсковым і абаронным патэнцыялам як важным кампанэнтам. Гэта адносіцца да пэрыяду да, падчас і пасьля перамоваў аб спыненьні вайны. З гэтай мэтай ЭЗ застаецца адданым, у каардынацыі з партнэрамі-аднадумцамі і саюзьнікамі, аказаньню ўзмоцненай палітычнай, фінансавай, эканамічнай, гуманітарнай, вайсковай і дыпляматычнай падтрымцы Ўкраіны, а таксама ўзмацненьню ціску на Расею, каб аслабіць яе здольнасьць працягваць весьці агрэсіўную вайну», — гаворыцца ў праекце.
Таксама адзначаецца, што Эўразьвяз працягне аказваць Украіне рэгулярную і абяцаную фінансавую падтрымку — у 2025 годзе перадасьць Украіне 30,6 млрд эўра, у прыватнасьці выплаты паводле праграмы Ukraine Facility, як чакаецца, дасягнуць 12,5 млрд эўра.
Здольнасьць Украіны эфэктыўна абараняць сябе зьяўляецца «неад’емнай часткай любых будучых гарантый бясьпекі», таму ў ЭЗ вітае гатоўнасьць дзяржаў-сяброў і ў далейшым задавальняць неадкладныя вайсковыя і абаронныя патрэбы Ўкраіны і заклікае Раду прасоўваць працу над ініцыятывамі, накіраванымі на ўзмацненьне вайсковай падтрымкі Ўкраіны з боку ЭЗ.
Гарантыі бясьпекі павінны давацца ў кансультацыях з «Украінай, а таксама зь яе аднадумцамі і трансатлянтычнымі партнэрамі», адзначаецца ў чарнавіку высноў саміту.
Другога сакавіка ў Лёндане адбыўся саміт, прысьвечаны Ўкраіне. Па дадзеных Офіса прэзыдэнта, у ім узялі ўдзел 18 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў і кіраўнікі міжнародных інстытуцый. Лідэры абмеркавалі працяг фінансавай падтрымкі ўкраінскай абароннай прамысловасьці, а таксама гарантыю бясьпекі.
Прэм’ер-міністар Брытаніі Кір Стармэр паведаміў, што Вялікая Брытанія разам з Францыяй і Ўкраінай дамовіліся падрыхтаваць плян «спыненьня баявых дзеяньняў», які затым прадставяць ЗША.
Саміт адбыўся на фоне напружанасьці пасьля таго, як 28 лютага падчас знаходжаньня ў Белым доме прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі меў эмацыйную дыскусію з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і віцэ-прэзыдэнтам Джэй Ды Вэнсам наконт вайны РФ супраць Украіны.